Беларускаму сайту забаранілі карыстацца алімпійскай сімволікай

Увечары 19 верасня адміністратар сайта Vandrouki.by атрымаў ліст з Аўтаномнай некамерцыйнай арганізацыі “Аргкамітэт “Сочы 2014”. З яго вынікала, што правы на абазначэнні (найменні) “Алімпійскі”, “Алімпіяда”, “Сочы 2014” і “створаныя на іх падставе словы і словазлучэнні” належаць АНА “Аргкамітэт Сочы 2014” і Міжнароднаму алімпійскаму камітэту. Іх выкарыстанне “дапускаецца толькі пры ўмове заключэння адпаведнай дамовы”.

Паколькі такой дамовы ў Vandrouki.by няма, аўтары ліста прасілі выдаліць з рэсурса “усю алімпійскую сімволіку”, паведаміў Еўрарадыё рэдактар сайта Андрэй Міранчук. У прыватнасці, гаворка ішла пра артыкул наконт нізкіх коштаў на рэйсы да Сочы, якія перад Алімпіядай прапануе авіякампанія “Белавія”.

У выніку матэрыял быў выдалены з сайта.

“У будучым, мы гарантуем Вам, што ні ў якім разе не будзем пісаць пра Алімпійскія гульні ў Сочы (і выкарыстоўваць афіцыйную сімволіку), а таксама адмыслова шукаць акцыі авіякампаній, што супадаюць з датамі правядзення Алімпійскіх гульняў, — адказаў на ліст з АНА “Аргкамітэт “Сочы 2014” Андрэй Міранчук. — Мы зробім усё, што ад нас залежыць, каб абмежаваць чытачоў нашага блога ад наведвання Алімпійскіх гульняў у Сочы”.