Беларусам у Эстоніі прапануюць добраахвотна здаць агнястрэльную зброю
 
  Прэм'ер-міністр Эстоніі Кая Калас / postimees.ee
Беларусам і расіянам у Эстоніі прапануюць добраахвотна здаць агнястрэльную зброю. Законапраект аб яе канфіскацыі ў грамадзян Беларусі і Расіі рыхтуе ўрад, неўзабаве яго накіруюць у парламент. Пра гэта заявіла прэм'ер-міністр Эстоніі Кая Калас.
У Эстоніі агнястрэльную зброю для палявання ці самаабароны маюць 629 беларусаў і расіян. У іх ёсць адпаведныя дазволы.
"Спадзяюся, што з улікам акалічнасцяў, якія склаліся, людзі зразумеюць, што грамадзяне Расіі і Беларусі са зброяй на руках — пагроза бяспекі Эстоніі, — цытуе словы эстонскага прэм'ера postimees.ee. — ...Мы абавязкова дамо час, каб людзі маглі добраахвотна здаць зброю. А пасля заканчэння гэтага тэрміну справай будзе займацца паліцыя".
Прычына рашэння ўладаў Эстоніі зразумелая — Расія з'яўляецца агрэсарам, а Беларусь — яе саюзніца.
 
     
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
