Беларусь заняла 37-е месца ў рэйтынгу найкрэатыўнейшых краін свету

Global Creativity Index 2015 — гэта рэйтынг крэатыўнасці краін. Усяго ў даследаванні прынялі ўдзел 139 краін. Лідарамі рэйтынгу сталі Аўстралія, ЗША і Новая Зеландыя. У першую дзясятку таксама ўвайшлі пяць заходнееўрапейскіх краін: Данія, Фінляндыя, Швецыя, Ісландыя і Нідэрланды.

Беларусь заняла 37 месца, акурат пасля Коста-Рыкі. На прыступку ніжэй размясцілася Расія. Менш крэатыўнымі за нас апынуліся Польшча, Літва і нават Кітай.

У межах даследавання эксперты ацэньвалі краіны па трох пазіцыях: таленце, тэхналогіях і талерантнасці. Паводле меркавання спецыялістаў, Беларусь займае досыць высокую пазіцыю ў рэйтынгу шмат у чым дзякуючы сваім жыхарам — у катэгорыі “Талент” краіна ўвайшла ў першую дзясятку, заняўшы 8-е месца па суседстве са Славеніяй, Швецыяй і Новай Зеландыяй.

У сферы тэхналогій Беларусь уваходзіць у лік 50 найлепшых, займаючы 41-е месца.

Самае слабае месца Беларусі, на думку экспертаў, — талерантнасць. Тут спецыялісты, якія складалі рэйтынг, ацэньвалі ступень адкрытасці дзяржавы да інавацый, новых ідэй. Па талерантнасці Беларусь апынулася на 97-й пазіцыі.

Фота: zimnitski.livejournal.com