БАЖ: Самыя закрытыя ведамствы для журналістаў — ААЦ, Мінінфарм і КДБ

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” правяла апытанне журналістаў наконт таго, наколькі лёгка ім атрымліваць інфармацыю ад асноўных дзяржаўных ведамстваў і арганізацый.
Як адзначае прэс-служба БАЖ, удзел у апытанні ўзялі 50 аўтараў вядучых дзяржаўных і недзяржаўных выданняў: “Советская Белоруссиия”, “Звязда”, “Наша Ніва”, “Комсомольская правда” в Белоруссии”, TUT.BY, БелаПАН і шэрагу іншых. Працу таго ці іншага ведамства з журналістамі прасілі ацаніць па дзесяцібальнай шкале.
Найвышэйшыя адзнакі традыцыйна атрымалі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, сістэма судоў Беларусі, Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства лясной гаспадаркі.
Самымі закрытымі журналісты назвалі Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце Беларусі, Міністэрства інфармацыі і Камітэт дзяржаўнай бяспекі.
Журналісты наракаюць на немагчымасць аператыўна атрымаць інфармацыю ў адказ на зварот, адсутнасць інфармацыі на сайце ведамства, прыярытэтную падачу інфармацыі дзяржаўнаму інфармагенцтву БЕЛТА.
У выніковую табліцу ўвайшлі толькі ведамствы, працу якіх ацанілі як найменш 10 прадстаўнікоў СМІ.
Падобныя апытнні БАЖ ладзіў у 2013 і 2015 гадах. Тады журналісты назвалі найгоршай працу Мінінфармацыі, Мінпрацы і Мінздароўя.