Байцы беларускіх фармаванняў ва Украіне правялі закрытую сустрэчу ў Кіеве
Беларусы, якія ваююць на баку Украіны / svaboda.org
19-20 жніўня ў Кіеве прайшоў сход беларускіх добраахвотніцкіх фармаванняў, якія ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях ва Украіне, перадае Радыё "Свабода".
Арганізатарам сустрэчы выступіла Асацыяцыя беларускіх добраахвотнікаў. Яна аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах беларусаў-вэтэранаў, якія прайшлі праз вайну.
Кіраўнік Асацыяцыі беларускіх добраахвотнікаў Андрэй Кушняроў (пазыўны "Рыцар") расказаў, што на сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі 79-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады, атрада "Атам", а таксама асобныя ваяры з Беларускага добраахвотніцкага корпусу, батальёнаў "Волат" і "Ліцвін", якія ўваходзяць у полк імя Кастуся Каліноўскага, а таксама ІІ Інтэрнацыянальнага легіёну.
Таксама на сходзе прысутнічалі прадстаўнікі грамадзянскіх і парамілітарных арганізацый — фонду "Вольная Беларусь", грамадскага аб’яднання "Пагоня", "Паспалітага рушэння", добраахвотніцкага аб’яднання беларусаў у Літве "Літвіны", арганізацыі дапамогі беларускім добраахвотнікам "Крайт", рэабілітацыйнага цэнтру "Ланка".
На сходзе не прысутнічалі прадстаўнікі штаба палка Каліноўскага і чалец Аб’яднанага пераходнага кабінета па пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі Валер Сахашчык (ён мае дачыненне да дзейнасці 79-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады).
Удзельнікі сходу вырашылі правесці дабрачынны марафон для збору сродкаў сем’ям загінулых беларусаў, а таксама аказаць сацыяльную падтрымку ваярам і іх сем’ям.
"Гэта першая сустрэча, на якой былі прадстаўнікі ўсіх падраздзяленняў. Мы сядзелі за адным сталом два дні і не пасварыліся. А адносіны між ваярамі крыху лепшыя, чым сярод штабоў. Наша мэта — дасягнуць рашэнняў, а не сутыкаць ілбамі людзей, у якіх ёсць палітычныя амбіцыі. Калі наступны раз байцы вырашаць зрабіць сваімі прадстаўнікамі людзей са штаба, то мы не будзем супраць", — тлумачыць Андрэй Кушняроў.
Падобныя сустрэчы ў будучыні плануецца зрабіць рэгулярнымі.
Паводле падлікаў Радыё "Свабода", на сёння ва Украіне ваюе каля паўтысячы беларускіх добраахвотнікаў. Ад пачатку поўнамаштабнай расійскай агрэсіі загінулі як мінімум 33 беларусы.