Башура: Большасць людзей, якія сядзяць на Акрэсціна, – прадпрымальнікі
Актывіст кампаніі "Гавары праўду!", якога аштрафавалі на 6 тысяч долараў, распавёў пра акалічнасці сваёй справы, умовы зняволення, а таксама заявіў, што будзе а
Суд Савецкага раёна Мінска палічыў, што следчыя цалкам даказалі віну актывіста “Гавары праўду!” Міхася Башуры
і прысудзіў яму штраф у памеры 6 тысяч долараў. Але сам Башура не
прызнае сябе вінаватым у падробцы даведкі для атрымання ільготнага
крэдыту ў банку і будзе абскарджваць прысуд. Пра гэта ён заявіў у
размове з карэспандэнтам Еўрарадыё.
Міхась Башура: “Прысудам
я не задаволены. Мы прасілі, каб мяне апраўдалі цалкам, але гэтага не
адбылося. Таму я ўжо ўсё абдумаў і вырашыў, што прысуд мы будзем
абскарджваць. І рэч нават не ў тым штрафе, што мне прызначылі. Рэч у
тым, што яны нахабна ў прысудзе сцвярджаюць, што яны даказалі мой намер і
што яны даказалі тыя выгоды, якія я нібыта з гэтага атрымаў”.
Паводле
словаў Башуры, гэтую даведку ён склаў яшчэ летась. І там была простая
памылка. Ніякіх жа выгод са свайго “злоснага намеру” ён не атрымаў.
Іншае пытанне, чаму гэтая старая даведка “ўсплыла” толькі цяпер.
Міхась Башура: “Пасля
ўсіх гэтых ператрусаў і цкаванняў кампаніі “Гавары праўду!” яны
атрымалі нейкі доступ да маіх дакументаў, да нейкай інфармацыі і
спрабавалі нешта знайсці. Але змаглі знайсці толькі гэтую даведку і
вырашылі, што трэба чапляць. А потым, маўляў, разбярэмся і потым будзем
нешта рабіць”.
Тое, што следства вялося з парушэннямі, пацвердзіла і адвакат Башуры Таццяна Сідарэнка.
Таццяна Сідарэнка: “На
рапартах оперупаўнаважанага Нікіціна ад 6 жніўня нечакана для нас
з’явіліся рэзалюцыі начальніка аддзела дазнання. Яны з’явіліся не тым
днём, якім яны датаваныя. У матэрыялах справы па меры стрымання гэтых
рэзалюцый не было. І другое. Спачатку распачалі справу па факце, што
Башура прадставіў даведку ў банк з несапраўднымі дадзенымі, а потым,
нібыта 9 жніўня, распачалі справу наконт таго, што Башура падрабіў гэтую
даведку. А справу гэтую трэба было распачынаць, каб апраўдаць
зняволенне Башуры. Я правяла аналіз матэрыялаў і прыйшла да высновы, што
не магла гэтая пастанова аб пачатку справы з’явіцца 9 жніўня — яна
з’явілася пазней”.
А
схаваць за краты несумленнага “крэдытаатрымальніка”, кажа Башура, трэба
было не толькі для таго, каб пакараць за нейкае зробленае ім
злачынства. І ператрус у кватэры актывіста кампаніі рабілі не толькі для
таго, каб знайсці “нажытыя несумленным шляхам” сродкі. Шукалі грошы
“Гавары праўду!” і неаднаразова падчас допытаў распытвалі пра іх.
Міхась Башура: “Да мяне прыязджаў следчы, які вядзе справу ад 18 траўня (ператрус у офісе арганізацыі “Рух наперад”, якая з’яўляецца заснавальнікам кампаніі “Гавары праўду!” — ЕРБ).
Ён лічыць, што яны ўсё ведаюць. Яны ведаюць і хто я, і чым я займаюся, і
нават, ён лічыць, што ведае, колькі я атрымліваю грошай, працуючы ў
кампаніі. Называў мне нейкія астранамічныя лічбы. Самае галоўнае — яны
не могуць уцяміць: адкуль грошы?! І вось гэта пытанне іх больш за ўсё
хвалюе. Я сумленна кажу: “Не ведаю”. А ён: “Ды ну!? Ты ж там не апошні
чалавек!”. Але я не ведаю”.
Лідар кампаніі Ўладзімір Някляеў
ухваліў такую трываласць Башуры — усмешкай даўшы зразумець, што і ад
яго нічога новага пра грошы кампаніі ніхто не даведаецца. Нагадаем, яшчэ
раней у размове з Еўрарадыё паэт заявіў, што кампанія існуе на грошы
яго сябраў-бізнэсменаў — як тых, што вымушаныя былі з’ехаць за мяжу, так
і тых, хто да гэтага часу застаецца тут.
Што ж тычыцца “справы Башуры” то Някляеў лічыць яе відавочна палітычнай.
Уладзімір Някляеў: “Ніякага
дачынення да даведкі, па якой Міхась Башура так і не атрымаў ніякага
крэдыту, яго арышт не мае. Бо па гэтых даведках, у якіх пераблытаныя
некаторыя лічбы, можна было б перасаджаць калі не палову, то каля таго,
тых людзей, якія бралі ў нашых умовах у нашых банках крэдыт. Арышт
Башуры мае прамое дачыненне да палітыкі. А гэта азначае: да ягонага
ўдзелу ў кампаніі “Гавары праўду!” — раз, і таго, што ён быў
каардынатарам нашай кампаніі па Мінску — два”.
Дарэчы,
згодна са словамі Башуры, за кратамі на Акрэсціна хапае і злодзеяў, і
рабаўнікоў і іншых сапраўдных злачынцаў. Але больш за ўсіх —
прадпрымальнікаў, з якіх улады штрафамі і канфіскацыямі імкнуцца
выцягнуць як мага больш грошай.
Фота: Змітра Лукашука