Баранавіцкага актывіста прафсаюзаў аштрафавалі за пікет у Слоніме

У Баранавічах суд пакараў штрафам у 4,2 мільёна рублёў мясцовага актывіста прафсаюза РЭП Аляксандра Шведа за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце ў Слоніме.
Як паведамляе БелаПАН, 31 сакавіка каля прахадной Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыкі актывісты незалежных прафсаюзаў зладзілі пікет у падтрымку свайго калегі Міхаіла Сашко. З ім не працягнулі працоўны кантракт на прадпрыемстве.
Суд прызнаў Аляксандра Шведа вінаватым у парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў (ч.1 арт. 23.34 адміністратыўнага кодэксу).
Актывіст заяўляе, што не ўдзельнічаў у акцыі, а раздаваў на прахадной фабрыкі бюлетэнь прафсаюза РЭП. Пры гэтым яго не затрымлівала міліцыя, а пратакол склала завочна. Швед мае намер абскардзіць рашэнне суда.