Астролагі пра перамовы: Месяц у знаку Скарпіёна. Дамовіцца было немагчыма

Калі "нармандскія" перамовы яшчэ працягваліся, Еўрарадыё спытала ў астролагаў, наколькі спрыяльныя цяпер дні для падобных сустрэч, і ці магчымыя станоўчыя вынікі.

“Месяц цяпер на небе знаходзіцца ў знаку скарпіёна, да таго ж, ён цяпер недасканалы і рухаецца без пэўнага курса, — адзначае вядомы ўкраінскі астролаг Улад Рос. — Ёсць такое паняцце, што калі Месяц рухаецца без курса, то ні пра што людзі не дамовяцца. Плюс, Скарпіён — знак, звязаны з тым, што людзі не могуць знайсці ніякіх кампрамісаў. Цяпер Месяц набліжаецца да Сатурна, а Сатурн таксама адсякае ўсе магчымыя дамоўленасці…”

Узгадвае пра “месяц без курса” і беларускі астролаг Уладзімір Васюк. Праўда, Уладзімір дапускае падпісанне пэўных дамоўленасцяў, але перакананы, што іх выкананне працягнецца не больш за пару тыдняў.

“Па-першае, гэтыя перамовы ці праваляцца, ці ад іх не будзе ніякага сэнсу, — пацвярджае украінскі астролаг Ігар Каламіец. — Вайна, цалкам верагодна, зацягнецца на два-тры гады. Па-другое, вайна можа перарасці ў буйнамаштабны канфлікт і ахопіць усю тэрыторыю Украіны, Беларусі і Расіі. Я думаю, што гэта непазбежна, бо яшчэ ў 2010 годзе рабіў такі прагноз! Хацелася б верыць у тое, што памыляўся, але гэта не памылка!”

Астролаг Улад Рос дадае, што, калі б перамовы праходзілі ў гэтую пятніцу, верагоднасць зменаў была б вышэйшай. Бо месяц увайшоў бы ў знак Стральца — сімвала юрыспрудэнцыі. На думку астролага, 16-19 лютага будзе апошні шанец пра нешта дамовіцца.

“Гарачы Марс на небе ўваходзіць у знак сваёй сілы, літаральна з 18 лютага ён увойдзе ў Авен, а Авен — заўсёды знак вайны, а Марс — бог вайны, — тлумачыць такія тэрміны Улад Рос. — Таму застаюцца апошнія шансы, іначай потым будзе вельмі сур’ёзная вайна. Верагодна, вялікі масіраваны наступ на ўсіх франтах. Да таго ж, могуць быць нечаканыя сітуацыі, кшталту высоўвання войскаў з Прыднястроўя, Крыма…”

Астролаг Уладзімір Васюк лічыць, што вырашальнымі стануць перамовы ў сакавіку. Але пра такія перамовы пакуль нічога не вядома. Ёсць пэўныя кропкі, калі прымаюцца лёсавызначальныя рашэнні, адна з іх акурат будзе паміж 9 і 16 сакавіка, лічыць астролаг.

“Менавіта на сакавіцкіх перамовах будзе вырашацца, пашырацца баявыя дзеянні за межы той тэрыторыі, дзе яны цяпер праходзяць, ці не”.

Па словах Улада Каламійца, цяпер мы знаходзімся ў адным з самых небяспечных перыядаў — паміж двума зацьменнямі. Летась было зацьменне, якое бачылі ў Паўночнай Амерыцы. Прычым, месяц быў у першым градусе Скарпіёна. З пункту гледжання астралогіі, гэта сведчыць пра тое, што эскалацыя канфлікту найперш выгадная краінам заходняга свету, тлумачыць Улад. У сакавіку таксама будзе вельмі моцнае зацьменне, ад якога і залежыць далейшае развіццё падзей.

Улад Рос перакананы, што на прамую Беларусь уцягнутая ў канфлікт не будзе. Нягледзячы на сур’ёзныя праблемы ў суседзяў, гэты год для нашай краіны можа стаць вырашальным.

“Сёлета Беларусі адкрываецца шлях у Еўропу, рана ці позна ваша краіна ўсё ж стане паўнапраўным удзельнікам ЕС, — робіць нечаканы прагноз Улад Рос. — Больш за тое, будзе створаная дзяржава накшталт Рэчы Паспалітай, куды ўвойдуць тыя ж краіны — Беларусь, Польшча і Украіна. Гэта будзе супервялікае аб’яднанне, якое стане адраджэннем славянскіх дзяржаваў, але ўжо без Расіі”.

Пакуль рыхтаваўся матэрыял, перамовы скончыліся. Прадстаўнікі краін "нармандскага фармату" раз’ехаліся відавочна незадаволенымі іх вынікамі.