Анатоль Рубінаў: “Беларуская мова – яна для ўсіх родная!”
Лазавік любіць Крапіву і гатовы працаваць на мове, любімае слова ў Тура – “памяркоўнасць”, а Чаргінец прапаноўвае ствараць кружкі роднай мовы ў МУС і КДБ.
У Дзень роднай мовы Еўрарадыё распытала чыноўнікаў, якую мову яны лічаць роднай, і калі на працы загавораць па-беларуску.
Старшыня Савета Рэспублікі Анатоль Рубінаў прызнаўся Еўрарадыё, што лічыць роднай мовай беларускую. Аднак адзначыў, што мова, на жаль, пакуль не прыжылася ў паўсядзённым жыцці.
Анатоль Рубінаў: “Беларуская мова – яна для ўсіх родная. Але на практыцы яна шмат для каго не прыжылася як родная. Пакуль што. Вось таму ў нас і двухмоўе”.
Любімы беларускамоўны верш у сенатара – “Мой родны кут” Якуба Коласа. Як вядома, Анатоль Рубінаў нядаўна выдаў кніжку вершаў па-руску, але прызнаўся Еўрарадыё, што спрабаваў пісаць і на роднай мове.
Анатоль Рубінаў: “Асабіста ў мяне было некалькі вершаў па-беларуску. Але ведаеце, гэта ўсё вельмі штучнае. Я і па-англійску напісаў некалькі песень. Але калі добра не валодаеш, калі гэта ненатуральна ў цябе, то абмежаваныя магчымасці. Трэба пісаць на той мове, на якой думаеш, і з якой жывеш. Я душой за тое, каб мова ў нас развівалася. Але я лічу, што мова – гэта справа тонкая. Як нельга яе прыціскаць, так нельга і за вушы цягнуць”.
Роднай лічыць беларускую мову і сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік. Больш за тое, прызнаўся, што шмат чытае беларускай класікі ў арыгінале, а любімы аўтар – Кандрат Крапіва.
Мікалай Лазавік: “Я ніколі не забываў і не забываю сваю родную беларускую мову – свабодна чытаю і размаўляю. Заўсёды стараюся і класіку беларускую чытаць на беларускай мове. Вось, шмат, акрамя школьнай праграмы, чытаў Кандрата Крапівы. “У адным сяле, не важна дзе, хадзіў баран у чарадзе. Вядомых бараноў, вядома ж, не многа. А гэты дык – дурней дурнога”. Ёсць, як кажуць, на памяці і добрыя вершы, і добрыя казкі, і добрая проза”.
Самыя любімыя беларускія словы ў Лазавіка – “матуля”, “бацькі”, “родны дом”. Усё, кажа, што звязана з бацькамі і Бацькаўшчынай.
А вось намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур – рускі, нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу. І таму роднай лічыць рускую мову. У той жа час з павагай ставіцца да беларускай культуры і любіць беларускіх літаратараў.
Андрэй Тур: “І Янка Купала, і Якуб Колас, і Іван Шамякін – ведаць неабходна ў абавязковым парадку. Гэта ж элемент пэўнай культуры. Тым больш, калі ты жывеш на тэрыторыі гэтай краіны”.
Праўда, самы любімы твор беларускага аўтара не назваў. А што тычыцца верша, то, кажа, і з рускай паэзіяй не вельмі “сябруе”. Затое, прыгадаў самае любімае беларускае слова – “памяркоўнасць”.
Роднай мовай лічыць беларускую і пісьменнік, старшыня афіцыйнага Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец. Хоць, кажа, ніколі яе не вывучаў. Але разумее, чытае на ёй і, запэўнівае, што шмат робіць для яе развіцця. Адна з прапаноў выглядае даволі арыгінальнай.
Мікалай Чаргінец: “Мы ўнеслі прапанову вітаць стварэнне кружкоў беларускай мовы ва ўсіх установах: дзяржаўных, прыватных, ва ўсіх падраздзяленнях воінскага прызначэння, і Мінабароны, і МУС, і КДБ”.
Сярод любімых вершаваных радкоў, Чаргінец нечакана прыгадаў: “Я маўчу, маўчу, трываю, але хутка загукаю: “Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!”
На пытанне, ці маглі б перайсці на беларускую мову на працы, то, да прыкладу, Мікалай Лазавік запэўніў, што калі гэтага будуць патрабаваць службовыя абавязкі, ён гэта зробіць дастаткова лёгка. Не бачыць у гэтым вялікай праблемы і ўраджэнец Санкт-Пецярбурга Андрэй Тур. А вось старшыня Савета Рэспублікі Анатоль Рубінаў ухіліўся ад адказу. Кажа, што ні загад кіраўніцтва, ні нават асабісты прыклад прэзідэнта не прымусіць людзей без іх асабістага жадання перайсці на беларускую мову. Праўда, прапанаваў, як можна гэтага дасягнуць.
Анатоль Рубінаў: “Загад кіраўніка: “Трэба вывучаць” – гэта таксама можа быць, натуральна. Але ўсё павінна пачынацца з дзяцінства. А ўвогуле, мова будзе тая, на якой будуць вучыць у ВНУ”.
З гэтай прапановай цалкам пагадзіўся і старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.
Алег Трусаў: “Калі ВНУ пяройдуць на беларускую мову, як ва Украіне, то і ўсе школы самі пяройдуць. Украінцы што зрабілі? Яны не чапалі школы, яны перавялі на ўкраінскую мову ВНУ і ўсе школы самі перайшлі – па просьбах бацькоў”.
У той жа час старшыня ТБМ перакананы: калі кіраўнік краіны дасць загад чыноўнікам перайсці на беларускую мову, то ўсе гэта зробяць цягам года.