“Ахоўнік у краме не тое што ўдарыць — сумку праверыць не мае права”

Канфлікт пакупніка з ахоўнікамі супермаркета можа скончыцца не толькі бойкай, але і смерцю. Як гэта здарылася з Іванам Губарам — 27-гадовы хлопец атрымаў цяжкія траўмы падчас канфлікту з ахоўнікам крамы "Валгаград" і памёр у бальніцы, не прыходзячы ў прытомнасць.

Якія паўнамоцтвы ў ахоўнікаў крамаў, цікавіцца Еўрарадыё. Службы аховы размаўляць на гэтую тэму… адмаўляюцца! Адны просяць даслаць ім запыт з пытаннямі і абяцаюць адказаць “у вызначаныя законам тэрміны” — 30 дзён, другія адсылаюць да адпаведных заканадаўчых актаў.

Служба аховы: “Ёсць у нас закон аб ахоўнай дзейнасці, тая ж Пастанова Саўміна №601, і мы ў адпаведнасці з гэтым законам так і працуем”.

Маўляў, пачытайце законы і ўсё будзеце ведаць. Няўжо ахоўнікі сталічнай “Кароны” ў адпаведнасці з Пастановай Саўміна 9 траўня моцна збілі Аляксандра Вашкевіча?

Ахоўнік у краме не мае права не тое што ўдарыць пакупніка, але нават без дазволу апошняга праверыць яго сумку, сцвярджае Еўрарадыё першы намеснік начальніка Мінскага гарадскога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС Андрэй Пермінаў.

Андрэй Пермінаў: “У іх функцыі абмежаваныя. Яны толькі могуць: “Выбачайце, пачакайце, пакажыце, што ў сумцы”. Але калі чалавек не хоча — “Выбачайце, мы выклікаем міліцыю”. Для гэтага ў іх стаяць кнопкі сігналізацыі: яны націскаюць, прыязджае наш нарад і — усё! А нам ужо ўладай гэтая справа (правяраць сумкі) дадзена”.

Ні гумавую дубінку, ні кайданкі, ні шокер ахоўнік мець не мае права. У выключных выпадках мае права абараняцца з дапамогай газавага ці шумавога пісталета. Калі на яго кідаюцца з нажом ці спрабуюць ударыць, да прыкладу, пляшкай гарэлкі, то ён мае права на самаабарону. Выкарыстаць прыём самба, скруціць парушальніка-нападніка і, ізноў-такі, выклікаць міліцыю. Але нават у гэтым выпадку прадстаўнік Дэпартаменту раіць ахоўнікам не пакідаць на целе пакупніка слядоў — не біць яго. Нават у адказ. І сам прыгадвае выпадак у сталічным “Валгаградзе”.

Андрэй Пермінаў: “Лепш у адказ не даваць. Інакш гэта будзе — двухбаковае… І тут ужо ступень цяжкасці пачнецца: хто першы ўдарыў, хто даў у адказ здачы. Гэта ўжо нават не самаабарона. Гэта ўжо не зразумееш, што, гэта ўжо — высвятленне адносінаў. Гэта — хуліганства! Не мае права ахоўнік біць, не мае! Гэта перавышэнне паўнамоцтваў будзе па-любому. А калі памёр, то гэта ж крымінальная справа!”

…і суд, які вынесе рашэнне, калі да суда дойдзе — дадае кіраўнік культурна-асветніцкай установы "Платформ інавэйшн" Андрэй Бандарэнка. І ў якасці прыкладу нагадвае гісторыю канфлікту Аляксандра Вашкевіча з ахоўнікамі сталічнай “Кароны”: месяц таму па гэтым інцыдэнце міліцыянты распачалі крымінальную справу.

Андрэй Бандарэнка: “Але з таго часу больш ніякай інфармацыі няма: калі справа будзе перададзеная ў суд ці яна будзе закрытая? Ствараецца такое ўражанне, што міліцыянты абралі тактыку зацягвання часу. Каб грамадства забылася, што там здарылася, і толькі потым прымаць нейкія рашэнні”.

Паводле слоў суразмоўцы Еўрарадыё, большасць ахоўнікаў у крамах — былыя супрацоўнікі альбо міліцыі, альбо АМАПу. Маўляў, “яны маюць сувязі з начальнікамі РУУС і таму паводзяць сябе вельмі ўпэўнена”.

Тое, што начальнікі службы аховы з задавальненнем бяруць на працу былых міліцыянтаў, пацвярджае і Андрэй Пермінаў. Праўда, упэўнівае, што менавіта экс-міліцыянты… ніколі кулакамі махаць не будуць!

Андрэй Пермінаў: “Наш, перш чым узняць кулак, разумее, якія ў гэтага могуць быць наступствы, і гэта спыняе. А сувязі… Ну, што сувязі могуць даць: усё адно будуць разбірацца афіцыйна!”

Самае цікавае, што нават смерць ад кулака ахоўніка ці збіццё апошнім пакупніка не азначае аўтаматычнага пазбаўлення ліцэнзіі на ахоўную дзейнасць уладальнікаў гандлёвай кропкі.

Андрэй Пермінаў: “Мы глядзім, колькі ў іх было парушэнняў. Калі адно — ніхто ж тут нічога не гарантуе! Не будзеш забіраць ва ўсёй канторы ліцэнзію — існуе ж і чалавечы фактар! Калі гэта носіць сістэмны характар, то выносіцца прадстаўленне: “Хлопцы, вы альбо арганізуйце сваю працу, альбо будзем збіраць кампрамат і ставіць пытанне аб пазбаўленні ліцэнзіі”.

Як бачна з гісторыі апошніх канфліктаў пакупнік-ахоўнік, ад “чалавечага фактару” ніхто не застрахаваны. Ні спецыялісты па кадрах ды псіхолагі ахоўнай структуры, якія, як у прыватнай размове з Еўрарадыё распавядае начальнік службы аховы аднаго з супермаркетаў, уважліва вывучаюць кожнага кандыдата. Ні спецыялісты з Дэпартамента аховы — яны, па словах Пермінава, таксама “прабіваюць” па сваіх каналах ды базах кожнага ахоўніка перад працаўладкаваннем.