Адпраўка беларускіх міратворцаў у Ліван — "міжнародны піяр"

На думку палітолагаў, удзел у міратворчых аперацыях падвышае міжнародны прэстыж краіны і дае магчымасць "увайсці ў новыя рэгіёны". Пасля Лівана могуць з'явіцца і іншыя краіны, куды паедуць беларускія вайскоўцы.
9 беларускіх вайскоўцаў будуць выконваць міратворчую місію ў Ліване. У адпаведнасці з указам Аляксандра Лукашэнкі, яны прымуць удзел у дзейнасці па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі ў складзе Часовых сіл Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Беларусы будуць займацца інфармацыйным забеспячэннем дзейнасці місіі, аказаннем медыцынскай дапамогі міратворцам, ажыццяўленнем узаемадзеяння Часовых сіл з грамадзянскім насельніцтвам і грамадскімі арганізацыямі, паведамляе БЕЛТА.

На думку расійскага палітолага Андрэя Суздальцава, такі крок афіцыйнага Мінску падвышае аўтарытэт нашай краіны.

Андрэй Суздальцаў: "Беларусь не з'яўляецца суб'ектам сусветнай палітыкі. Гэта невялікая дзяржава, якая мае абмежаваныя міжнародныя магчымасці. Маленькая група міратворцаў ужо павялічвае міжнародны аўтарытэт і падымае статус. Тым больш у такой складанай гарачай кропцы, як Ліван. Невялікія дзяржавы Еўропы традыцыйна пастаўляюць афіцэраў у міратворчы кантынгент і гэта свайго кшталту такі піяр".

На думку Андрэя Суздальцава, адпраўкай міратворцаў Беларусь дэманструе сваю шматвектарную палітыку — што пазітыўна для іміджу краіны, дэманструе суверэнітэт, але не нясе глыбокай палітычнай нагрузкі.

Палітолаг Юрый Шаўцоў згаджаецца, што гэта вельмі прэстыжна, калі войскі ўдзельнічаюць у міратворчых аперацыях. Таксама гэта і магчымасць увайсці ў нейкі складаны рэгіён.

Юрый Шаўцоў: "Калі зараз мы прыйдзем у Паўднёвы Ліван, то гэта значыць, што мы будзем у курсе мясцовых нюансаў, а гэта ужо дыпламатыя".

Але, мяркуе Шаўцоў, Беларусь можа адпраўляць вайскоўцаў у большых аб'ёмах. І для гэтага за апошнія гады была распрацаваная заканадаўчая база.

Юрый Шаўцоў: "Тым больш, што, акрамя адпраўкі міратворцаў у Паўднёвы Ліван, ужо абмяркоўвалася магчымасць адпраўкі беларускіх міратворцаў у Сірыю. На спрэчныя тэрыторыі Сірыі і Ізраіля, на галандскія вышыні. Акрамя таго ў нас маецца заканадаўчая база, каб адпраўляць міратворцаў у большых аб'ёмах. І нават ёсць міратворчая рота, якая гатовая выконваць такія аперацыі".

Таму эксперт не выключае, што Беларусь будзе адпраўляць вайскоўцаў у іншыя гарачыя кропкі. Але не варта блытаць гэта з АДКБ. Бо ў рамках гэтага блоку гаворка ідзе не пра міратворчыя сілы, а хутчэй пра сілы хуткага рэагавання.