АБСЕ не будзе назіраць за выбарамі ў Літве, прычына — у Беларусі і Расіі
Вільня, ілюстрацыйнае фота
Прадстаўнікі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) не будуць назіраць за выбарамі ў Літве.
Прычынай сталі ўмовы, вылучаныя афіцыйнай Вільняй, піша delfi.lt. Літва не хоча, каб за выбарамі назіралі прадстаўнікі Беларусі і Расіі.
У АБСЕ кажуць, што патрабаванні Літвы парушаюць абавязанні сябраў арганізацыі.
У МЗС Літвы журналістам пацвердзілі, што запрашэнне сябрам АБСЕ на выбары дасылалася, але без расіян і беларусаў.
"Літва, выконваючы міжнародныя абавязанні, запрасіла прадстаўнікоў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЕ і краіны АБСЕ, за выключэннем агрэсара Расіі і яе саўдзельніцы Беларусі, назіраць за выбарамі", — заяўляюць у літоўскім знешнепалітычным ведамстве. У МЗС лічаць, што запрашэнне прадстаўнікоў Беларусі і Расіі на выбары было б насмешкай над дэмакратыяй. "Міжнародная ізаляцыя злачынных рэжымаў Расіі і Беларусі — паслядоўны і прынцыповы кірунак замежнай і ўнутранай палітыкі абароны Літвы, які мы маем намер працягваць", — заяўляюць літоўскія дыпламаты.