Абласны суд адмяніў рашэнне раённага па збітым даішнікамі рабочым
Гродзенскі абласны суд накіраваў справу на новы разгляд / sb.by
Рабочага Белспажыўтаварыства ў Ваўкавыскім раёне збілі двое даішнікаў — у іх аўтамабілі і кабінеце РАУС (далонямі па твары, нагамі — па галаве і нагах, душылі). Пра гэта мужчына распавёў следчаму, які прыйшоў да яго ў бальніцу. Пабоі ("лёгкія цялесныя пашкоджанні") пацвердзіў эксперт. Але сілавікі заявілі, што ніхто рабочага не збіваў, а фізічную сілу яны ўжылі, паколькі ён супраціўляўся. Справа дайшла да суда, і мужчыну, які трапіў у траўматалогію, асудзілі за "ілжывы данос", за "загадзя ілжывае паведамленне, непадпарадкаванне і абразу" на тры гады "хатняй хіміі". А мусілі б судзіць даішнікаў за "перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў", паведамляе hrodna.life.
Мужчына абскардзіў прысуд суда Ваўкавыскага раёна. Ён прасіў адмяніць рашэнне і накіраваць справу на новы разгляд. І Гродзенскі абласны суд рашэнне раённага суда адмяніў. Была звернутая ўвага на абставіны, якія "засталіся без належнай увагі суда першай інстанцыі". Напрыклад, на тое, што пры дастаўленні ў ізалятар мужчыну адмовіліся прымаць туды з-за бачных значных цялесных пашкоджанняў. Не апытаны быў важны сведка-ўчастковы. Знайшоўся відэазапіс з камер вонкавага назірання, на якім відаць, як да рабочага, які знаходзіўся на пярэднім сядзенні аўтамабіля ДАІ, прымянялася фізічная сіла, чутныя яго крыкі аб дапамозе.
Справу будуць разглядаць ужо іншыя суддзі.