21 сакавіка адбудзецца ўручэнне літаратурнай прэміі "Дэбют" імя Багдановіча
Да разгляду журы прымаліся дэбютныя кнігі, напісаныя па-беларуску аўтарамі ў веку да 35 год і выдадзеныя цягам мінулага году.
21 сакавіка ў Сусветны дзень паэзіі падчас святочнай цырымоніі ў Мінску адбудзецца ўручэнне літаратурнай прэміі "Дэбют" імя Максіма Багдановіча, заснаванай Беларускім ПЭН-Цэнтрам і Саюзам беларускіх пісьменнікаў.
Будуць адзначаныя пераможцы ў трох намінацыях: паэзія, проза, мастацкі пераклад. Да разгляду журы прымаліся дэбютныя кнігі, напісаныя па-беларуску аўтарамі ў веку да 35 год і выдадзеныя цягам 2010 году, а таксама грунтоўныя часопісныя і газетныя публікацыі.
Цырымонія адбудзецца ў галерэі "Ў". На ёй выступяць пісьменнікі і перакладчыкі Генадзь Бураўкін, Алесь Разанаў, Уладзімір Арлоў, Барыс Пятровіч, Лявон Баршчэўскі, Андрэй Хадановіч, а таксама — маладыя аўтары, творы якіх увайшлі ў шорт-ліст прэміі, паведамляе "Наша ніва".