12 блогераў з Беларусі і Расіі тры дні паслужаць у войску
“Служыць” пойдуць дзяўчаты і тыя хлопцы, хто да гэтага не абуваў вайсковыя боты.
Вайсковую форму ў межах праекта “Блогер у войску” апрануць 6 беларускіх і 6 расійскіх блорегаў. Пра гэта Еўрарадыё распавёў начальнік ваенна-інфармацыйнага агенцтва “Ваяр” Андрэй Шубадзёраў.
Андрэй Шубадзёраў: “Першапачаткова яны пройдуць курс “маладога байца” ў Брэсце, потым – пазнаёмяцца з некаторымі элементамі падрыхтоўкі ўзброеных сіл. З авіяцыяй пазнаёмяцца ў Баранавічах і паглядзяць у Мар’інай Горцы як працуюць тыя прафесіяналы, элементам працы якіх іх навучалі”.
Па словах суразмоўцы Еўрарадыё, галоўная мэта праекта – каб людзі, якія “маюць доступ да грамадскага меркавання ў Беларусі і Расіі, расказалі пра тое, што з сябе ўяўляе ваенная прафесія і служба ў арміі”.
Канкрэтныя імёны блогераў, што бяруць удзел у праекце, Шубадзёраў не называе. Кажа толькі, што яны з розных рэгіёнаў, як Беларусі, так і Расіі. Нават з Якуціі хлопец ёсць. Як стала вядома Еўрарадыё, сярод удзельнікаў праекта – актывіст кампаніі “За альтэрнатыўную грамадзянскую службу” Міхась Пашкевіч. Якія вырашыў “схадзіць” у войска для таго, каб на ўласныя вочы пабачыць тое, з чым яны змагаюцца.
Міхась Пашкевіч: “Насамрэч, кампанія займае досыць агрэсіўную пазіцыю ў дачыненні да войска. Але мы пішам пра войска на падставе таго, што нам людзі расказваюць. І калі з’явілася такая магчымасць, я вырашыў: чаму б не – схадзіць у вашы сілы спецыяльных аперацыяў, паглядзець”.
А потым напісаць пра ўсё, што там убачыць. Праўда, упэўнены Пашкевіч, яны ўсё адно будуць не ў сапраўдным войску і не змогуць за тры дні перажыць тое, што перажываюць за 1,5 гады ў казармах з “дзядамі” звычайныя прызыўнікі. Асабліва з улікам таго, што сярод блогераў ёсць некалькі дзяўчат.