Жыхар Японіі: Па ўсёй краіне зараз пажары, многіх людзей змыла ў мора
Відавочца распавёў Еўрарадыё, як выглядае Японія пасля стыхійнай катастрофы.
У Японіі адбыўся моцны землятрус — сіла штуршкоў была каля 9 балаў. Расіянін Дзмітры Баландзін, які цяпер жыве ў Японіі, у эфіры Еўрарадыё распавёў пра сітуацыю ў краіне.
Па словах Баландзіна, цэнтрам падзеяў сталі не асобныя раёны, а ўся Японія.
Баландзін: "Я знаходжуся ў Японіі, а зараз фактычна ўся Японія стала цэнтрам падзеяў. Складана казаць пра якое-небудзь бяспечнае месца ў Японіі. Бо не толькі берагавыя раёны зазналі ўдар цунамі, але і горныя раёны зазналі апоўзні. І фактычна паўсюль, дзе былі штуршкі, а яны былі паўсюль, зараз пажары".
Мабыць, найбольш пагрозлівымі сталі паведамленні СМІ пра магчымасць аварыяў на атамных электрастанцыях.
Баландзін: "Было два паведамленні. Першае было гадзіны тры таму, што ў прыгарадзе Токіа на атамнай электрастанцыі выключылася прыстасаванне ахалоджвання атамнага рэактара. Крыху пазней, праз гадзіну, пайшла навіна па СМІ, што ў Фукуокі такім жа чынам на атамнай электрастанцыі выйшла з ладу сістэма ахалоджвання. Трэба сказаць, што атамныя электрастанцыі аўтаматычна адключыліся адразу. Пры першых штуршках адключыліся іх турбіны, а рэактары спыніць не так проста".
Вынікам стыхійнай катастрофы стала тое, што ў Японіі не працуе мабільная сувязь. Але, кажа Баландзін, працягвае працаваць інтэрнэт. У шмат якіх мабільніках ёсць скайп — ён застаўся амаль адзіным сродкам галасавой сувязі.
Сённяшні землятрус быў не першым за апошнія дні. Але папярэднія штуршкі былі не такімі моцнымі
Баландзін: "Літаральна заўчора, прыкладна ў гэты ж час і ў тым жа самым эпіцэнтры ўжо былі штуршкі, землятрус быў меншы — каля 4-5 балаў. І сёння, калі яны пачаліся, было ўражанне, што яны, як і заўчора, працягнуцца хвіліну і скончацца на гэтым. Але, на жаль, сталася не так. Сродкаў дыягностыкі і прадказання землятрусаў няма нават у Японіі, таму землятрус заспеў людзей знянацку".
Ці ёсць ахвяры сярод нашых суайчыннікаў альбо грамадзян іншых краін СНД? Па звестках беларускага МЗС, нашыя суграмадзяне ў Японіі не загінулі. А Дзмітры Баландзін кажа, што дакладных звестак пакуль няма нават у саміх японцаў.
Баландзін: "Пра колькасць ахвяраў пакуль што не бяруцца казаць нават японсія сродкі масавай інфармацыі. Кажацца толькі пра тых людзей, якіх апазналі, выцягнулі з завалаў, але трэба разумець, што сам землятрус не прынёс самую вялікую шкоду, самую значную шкоду прынесла цунамі, шмат людзей было знесена ў мора і пакуль іх целы не апазнаюць, ніхто не можа сказаць пра тое, колькі ёсць ахвяраў".
Пакуль што немагчыма сказаць, наколькі хутка ўдасца ліквідаваць наступствы стыхіі. Разбурэнні ў Японіі працягваюцца, пайшлі паўторныя штуршкі, чакаецца паўторнае цунамі, кажа Баландзін. Паўторная хваля цунамі прайшла над Хакайда. Не ўдаецца перамагчы ланцуг пажараў. Усё гэта перашкаджае рабіць якія-небудзь прагнозы.