"Ён жывы, мы разам": Ціханоўская пра вызваленне мужа

Святлана Ціханоўская / ОСЦ
Дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская падзякавала прэзідэнту ЗША Дональду Трампу, а таксама амерыканскім палітыкам Кіту Келагу, Джону Кайлу і Крысу Сміту, дзякуючы якім 14 палітвязняў выйшлі з беларускіх турмаў. Сярод вызваленых — 4 беларуса, адзін з іх — муж Ціханоўскай Сяргей Ціханоўскі.
Дэмакратычная лідарка падзякавала таксама іншым сусветным лідарам, і асабістую ўдзячнасць выказала ў адрас Польшчы і Літвы, краінаў, якія прынялі шмат беларускіх палітычных уцекачоў.
"Для меня было эмацыйна і радасна ўбачыць мужа ўпершыню за 5 гадоў. Ён жывы, мы разам", — сказала Святлана Ціханоўская напачатку прэс-канферэнцыі, прысвечанай вызваленню 14 палітвязняў.
Ціханоўская назвала мужа сваім асабістым героем.
Яна нагадала, што больш за тысячу палітвязняў дагэтуль знаходзяцца ў беларускіх турмах.
"Мы працягнем цесную супрацу з адміністрацыяй прэзідэнта Трампа і з усімі нашымі саюзнікамі ў Еўропе па абодва бакі Атлантыкі, каб дамагчыся вызвалення палітвязняў. І апошняе вызваленне — не апошняе", — сказала Ціханоўская.
Яна напрамую звярнулася да Аляксандра Лукашэнкі і заклікала яго да вызвалення палітзняволеных.
Ціханоўская паўтарыла словы ўдзячнасці на англійскай мове.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.