Ва Украіне прайшлі падрыхтоўку да 1000 беларусаў — Тэртэль
Беларускія добраахвотнікі ва Украіне / t.me/belwarriors/
Ва Украіне "тую ці іншую падрыхтоўку" прайшлі да 1000 беларусаў. Пра гэта ў сваім выступе на "Усебеларускім народным сходзе" заявіў старшыня КДБ Іван Тэртэль. Ён зноў палохаў планамі Захаду і палітуцекачоў па "захопе ўлады" ў Беларусі. Паводле яго слоў, за мяжой "усур'ёз абмяркоўваецца стварэнне Беларускай вызваленчай арміі". Толькі ў Польшчы ён налічыў 300 "баевікоў", якія праходзяць падрыхтоўку.
Тэртэль паўтарыў "сцэнар", пра які кажа з 2022 года — пра планы захопу аднаго з памежных раёнаў, каб туды "завезці акупацыйную адміністрацыю". Аляксандр Лукашэнка пасля сказаў і сам здзівіўся, што чамусьці захапіць хочуць Кобрынскі раён.
Лукашэнка звярнуўся да "тых, хто збіраецца нападаць на Беларусь". "Можаце забыць пра сваю ўласнасць [у Беларусі]", — сказаў ён. І дадаў: "Не забываце, што вы вельмі шкодзіце сваім сваякам".
Старшыня КДБ сцвярджае, што "заходнія фонды" нібыта выдаткавалі 60 мільёнаў долараў на "падрыўную дзейнасць" супраць РБ.