Уладзіміра Пуціна просяць увесці "міратворцаў" на ўсход Украіны
Са зваротам да расійскага прэзідэнта звярнуўся кіраўнік самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі Валерый Болатаў.
"Мы спадзяемся, што ўвод міратворцаў адбудзецца раней, чым адбудзецца гуманітарная катастрофа", — цытуе словы Болатава (на здымку знізу) РІА "Новости". Паводле яго слоў, у луганскіх "апалчэнцаў" не хапае ўласных сілаў для супрацьстаяння падкантрольным Кіеву сілавікам.
Нагадаем, 22 траўня на Луганшчыне адбылося некалькі баёў паміж украінскімі сілавікамі і сепаратыстамі. Вядома, што загінулі ад 8 да некалькіх дзясяткаў байцоў Нацыянальнай гвардыі, каля 30 чалавек былі параненыя. Баевікі заяўляюць, што да Луганска было сцягнута да 6 тысяч украінскіх вайскоўцаў і яны, нібыта, рыхтуюць штурм горада.
Сёння прэм'ер-міністр Украіны Арсень Яцанюк заклікаў тэрмінова склікаць Саўбез ААН. Ён сцвярджае, што ўкраінскі бок прадаставіць доказы ўдзелу Расіі ў спробах эскалацыі канфлікту ва Украіне, накіраваных на зрыў прэзідэнцкіх выбараў.
Фота — ria.ru