Уладу не цікавіць рэальная карціна выбараў? Меркаванне саветніка Ціханоўскай

Уладу не цікавіць рэальная карціна выбараў / БЕЛТА
Некаторым чальцам выбарчых камісій у Беларусі згадалі, што лічыць галасы на выбарах-2025 не вельмі і патрэбна, расказаў у эфіры Еўрарадыё спецыяльны саветнік Святланы Ціханоўскай па выбарах Аляксандр Шлык.
На яго думку, улады не зацікаўленыя ў рэальнай карціне таго, што адбываецца ў грамадстве.
— У папярэдніх выбарах было не толькі так, што нейкія лічбы спускаліся зверху, а было яшчэ і нездаровае спаборніцтва паміж памежнымі ўчасткамі. Як мы ведаем, часта гэтыя ўчасткі знаходзяцца ў школах, а старшынямі выбарчых камісій з’яўляюцца дырэктары. Шмат у каго з іх ёсць амбіцыі, шмат хто з іх хоча патрапіць на ідэалагічную працу. То-бок вельмі часта яны пісалі не тыя лічбы, якія ім агучваліся зверху, а такія лічбы, каб яны ні ў якім выпадку не апынуліся ніжэйшымі, чым на суседнім участку.
Шлык лічыць, што менавіта праз гэта Лукашэнка калісьці казаў, што трэба было карэктаваць афіцыйныя вынікі выбараў уніз, бо гэтыя старшыні выбарчых камісій пісалі проста больш.
— Яны меркавалі тады: “А што будзе са мной, калі я напішу 80%, а мой сусед напіша 82%? А нам жа ў наступным годзе змагацца за гэтае адзінае месца у РАНА”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.