У Салігорску забароняць пікет супраць забароны пікетаў?

Правядзенне шэрагу пікетаў запланавана ў афіцыйна адведзеным мясцовымі ўладамі для гэта месцы – на стадыёне "Будаўнік".

Так, на 14-е красавіка пададзена заяўка на правядзенне акцыі пад лозунгам "За стабільнасць". 15-га красавіка запланаваны пікет "За нашага Прэзідэнта". А ў заяўцы на 16-га значыцца пікет з лозунгам "НЕ - забароне пікетаў!"

У большасці выпадкаў мясцовы выканкам забараняе правядзенне любых масавых мерапрыемстваў, распавёў Уладзімір Шыла. "Уласна кажучы, і зараз мы не адчуваем асаблівых ілюзій, што да дазволу адносна запланаваных намі акцый. Тым не менш, вельмі цікава пабачыць, як мясцовыя ўлады забароняць пікет "За стабільнасць" і выступяць супраць "нашага Прэзідэнта". Гэта ўжо будзе патыхаць дзяржаўным сабатажам. А забарона пікета супраць забароны пікетаў можа стаць увогуле апагеем абсурднасці, - каментуе сітуацыю сам Уладзімір Шыла. - Калі ж здарыцца цуд і пікеты дазволяць, дык мы з вялікім задавальненнем выкажымся адносна стабільнасці ў нашай краіне і скажам, якім мы бачым свайго прэзідэнта".

Варта адзначыць, што сярод заявак на масавыя мерапрымествы ёсць і адна больш традыцыйная. На 26 красавіка на тым жа салігорскім стадыёне "Будаўнік" запланаваны мітынг, прысвечаны 25-м угодкам аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі, на які арганізатары плануюць сабраць да 100 чалавек, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".