У Наваградку зруйнавалі дом, які памятаў Адама Міцкевіча (ФОТА)

Пад выглядам “рэканструкцыі” ад помніка архітэктуры XVIII стагоддзя фірма “Эльвіра” пакінула… яміну

Гэты дом на вуліцы Замкавай,3 у Наваградку ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь пад катэгорыяй “2”. Вышэй толькі катэгорыі “1” і "0" – помнікі кшталту Мірскага ці Нясвіжскага замкаў. Помнікаў катэгорыі "2" у нас не так і шмат... У Спісе пазначана, што гэта будынак XVIII-ХIX стагоддзяў, даецца ягонае падрабязнае апісанне. Некаторы час таму будынак выкупіла мінская фірма “Эльвіра”, каб адрэстаўраваць і зрабіць гатэль. Рэканструкцыя скончылася поўным знішчэннем помніка архітэктуры. Такая практыка не новая для “Эльвіры” – літаральна месяц таму ў такі ж спосаб была разабраная і адбудаваная з новых матэрыялаў Лошыцкая сядзіба. Мінскі студэнт Аляксей, які на выходных наведаў Наваградак, распавёў нам.

Аляксей: Разам са сваёй сяброўкай, дарэчы, супрацоўніцай Рускага музею ў Пецярбургу, я прыехаў у гэтую нядзелю ў Наваградак. І для мяне было адкрыццём, што я не знайшоў там помнік архітэктуры – адзін з дамоў на Рынкавым пляцы. На шыльдзе на плоце там пазначана, што “вядзецца рэстаўрацыя помніка XVIII-XIX стагоддзяў”. Але калі мая сяброўка зазірнула за плот – і не ўбачыла там нічога, акрамя будаўнічай ямы, яна здзівілася і спытала: “А дзе ж сам помнік?!”

А дзе ж сам помнік? З гэтым пытаннем “Еўрарадыё” звярнулася да Вячаслава Лаўрашука, галоўнага спецыяліста ўпраўлення культуры Наваградскага райвыканкама.

Вячаслаў Лаўрашчук: Справа ў тым, што там былі літаральна вымытыя падмуркі… Яго ўжо і падпіралі, і спрабавалі нейкім чынам захаваць, але гэта было нереальна… Вырашалася гэтае пытанне з Міністэрствам культуры, з Упраўленнем па ахове помнікаў. Давялося яго разабраць – інакш ён бы абрынуўся на ўчасткі бліжэйшыя, на людзей…

Калі мы запыталіся ў Вячаслава Уладзіміравіча, як пры такіх калізіях дом прастаяў 200 гадоў, спадар Лаўрашчук адказаў.

Вячаслаў Лаўрашчук:  Ведаеце, нічога ж вечнага няма… І ў Бібліі напісана, што ва ўсяго ёсць свой пачатак і свой канец. Разумееце – нікуды не падзенешся…

За гэтыя 200 гадоў дом выкарыстоўваўся вельмі актыўна. Выглядае, што некаторы час тут быў кляштар, затым гандлёвыя памяшканні, мундштуковая фабрыка, гатэль. За савецкім часам – станцыя “хуткай дапамогі” і пазаведамасная ахова. Што ж будзе ў адноўленым будынку?

Вячаслаў Лаўрашчук: Што будзе… Будзе гатэль. Будзе не адзін -- а спадар Поткін таксама аднаўляе і суседні будынак, страчаны ў вайну. Будзе створаны такі турыстычны комплекс, дзе будзе высокага класа гатэль, з адпаведнымі службамі харчавання, інфраструктурай. Гэта вельмі важна для горада.

Гм… “Высокага класа гатэль”? Колькі ж будзе каштаваць пражыванне там?

Вячаслаў Лаўрашчук: Я ня ведаю, колькі там будзе… Вы ўжо адразу жыць… Спачатку пабудаваць трэба. Чалавек гэта робіць за свае грошы – гэта “Эльвіра”. Яно яму належыць – ён выкупіў гэты дом.

Пракаментаваць, чым быў адметны страчаны помнік архітэктуры, “Еўрарадыё” папрасіла магістра мастацтвазнаўства Сяргея Харэўскага.

Сяргей Харэўскі: Паводле даследванняў польскага даследчыка Рымкевіча, менавіта гэты будынак можна было атаясамліваць з езуіцкім кляштарам і драўляным касцёлам, які стаяў побач, і які бачыў Адам Міцкевіч – і лазіў туды яшчэ малым школьнікам, каб паглядзець святы цудадзейны абраз, які перахоўваўся там яшчэ да славутага наваградскага пажару.

У Наваградку, на Рынкавым пляцы пад відам “рэканструкцыі” ад дома XVIII стагоддзя пакінулі вялікую яму.



Паводле чыноўнікаў, дом падпіралі, каб ён не абрынуўся. Здымак зроблены ў 2005 годзе. Дом выкарыстоўваецца напоўніцу.


 На гэтым месцы стаяў помнік архітэктуры...


На плоце пазначана, што ідзе "рэканструкцыя"...


Выконвае "рэканструкцыю" фірма "Эльвіра"



Так выглядае "помнік архітэктуры XVIII стагоддзя" цяпер...