У мінскай філіі распрацоўшчыка "Свету танкаў" атруціліся 150 супрацоўнікаў

У мінскай IT-кампаніі адбылося масавае атручэнне / pixabay.com
На мінулым тыдні пасля абедаў у офісе масава атруціліся супрацоўнікі кампаніі "Гейм Стрым". Пра гэта выданне "Зеркало" даведалася ад некалькіх не звязаных паміж сабой крыніц.
"Гейм Стрым" — мінская філія расійскай кампаніі "Леста", якая распрацоўвае гульню "Свет танкаў".
Адзін з супрацоўнікаў расказаў, што пасля абедаў у офісе (меркавана, 19 і 20 чэрвеня) каля 150 чалавек сталі пачувацца дрэнна, многія нават трапілі ў бальніцу.
"Некалькі маіх знаёмых калегаў выклікалі сабе хуткую, бо нават не маглі хадзіць ад болю ад атручвання. Шмат хто дагэтуль на бальнічных", — кажа ён.
Абедамі для супрацоўнікаў займаецца асобны падрадчык. "Ён абслугоўвае сталоўку, прывозіць ежу. На іх баку, верагодна, нешта пайшло не так. Зразумела, што мае калегі, якія абдымаюцца з "белым сябрам", зусім не шчаслівыя ад таго, што адбылося, але такое бывае", — дадае супрацоўнік кампаніі, які ў дзень атручэння не прысутнічаў у офісе.
Яшчэ адзін супрацоўнік расказаў журналістам, што папярэдняй прычынай атручэння назвалі бактэрыю сальманелу, якая аказалася ў ежы. Яна выклікае вострае інфекцыйнае захворванне сальманелёз: яно характарызуецца рэзкім павышэннем тэмпературы, болем у вобласці жывата, дыярэяй, млоснасцю і часам ванітамі.
Афіцыйных каментароў ад кампаніі наконт здарэння не было. Аднак журналістцы, якая затэлефанавала пад выглядам сваячкі супрацоўніка, у прыёмнай "Гейм Стрым" пацвердзілі інфармацыю аб атручванні.
"На жаль, мы самі пакуль не ў курсе, нам не кажуць, што з'явілася прычынай. Я дакладна не магу сказаць, але, як мяркуецца, гэта ежа", — сказала супрацоўніца. Яна дадала, што прычыны высвятляе Мінскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Ён жа і вядзе праверку. Вынікаў яе пакуль няма.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.