У Мінадукацыі патлумачылі, дзе трэба вучыцца беларускім дзецям за мяжой

Школа, ілюстрацыйнае фота / nashkraj.by
Чыноўнікі Мінадукацыі паспрабавалі даць тлумачэнні новай спрэчнай нормы.
Гаворка ідзе пра патрабаванне, каб дзеці, якія жывуць у Беларусі, навучаліся выключна ў беларускіх школах. Але ёсць нюанс: усіх, хто не стаў на консульскі ўлік за мяжой, чыноўнікі залічваюць у спіс тых, хто жыве ў Беларусі. Гэта і выклікала шмат засцярог, на якія паспрабавалі (няўдала) адказаць у міністэрстве.
"Калі дзіця зарэгістраванае ў Беларусі, але выехала на часовае пражыванне ў іншую дзяржаву, абавязак атрымання агульнай сярэдняй адукацыі ў школах, гімназіях, ліцэях Беларусі на яго не распаўсюджваецца", — кажуць чыноўнікі.
Пры гэтым не ўдакладняюць, ці трэба неяк афармляць часовае пражыванне за мяжой — напрыклад, тым жа консульскім улікам ці іншым спосабам.
"Бацькам будучых першакласнікаў, якія зарэгістраваныя ў РБ, але пражываюць за мяжой, падаваць у школу пацвярджальныя дакументы не патрабуецца", — дадаюць у ведамстве.
Значыць, бацькам тых дзетак, якія пайшлі ўжо ў школу ў Беларусі, але цяпер з’ехалі, дасылаць у школы дакументы ўсё ж трэба? Таксама незразумела.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.