У Літве расследавалі, ці ідуць пастаўкі медтавараў у Беларусь на вайскоўцаў РФ

Крысціна Лайма Алекнене / LRT
Кіраўніца Украінска-літоўскай гандлёвай палаты ў Вільні зарабляе на экспарце ў Беларусь. Медтавары з Літвы могуць ісці на дапамогу расійскім вайскоўцам, якія пасля раненняў лекуюцца ў Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў журналісцкім расследаванні LRT.
Старшыня праўлення Украінска-літоўскай гандлёвай палаты Крысціна Лайма Алекнене атрымала дазвол на вываз у Беларусь вялікага спісу медыцынскіх тавараў. Пастаўкамі займаецца яе кампанія Euromed Distribution. Летась яна атрымала дазвол на экспарт у Беларусь прадукцыі на дзясяткі мільёнаў еўра.
У расследаванні гаворыцца, што Беларусі бракуе сучаснага медабсталявання і найноўшых лячэбных сродкаў замежнай вытворчасці. У дзяржаўных шпіталях і клініках Беларусі нестае рознага рыштунку — ад лямпаў да рэактываў, ад экранаў да складанага абсталявання. Аднак лекуюцца там не толькі грамадзяне Беларусі, але і расійскія вайскоўцы, параненыя на франтах ва Украіне.
Афіцыйнымі замоўцамі выступаюць дзве беларускія кампаніі — "Белрэамед" і "Тасілена".
Сама кіраўніца кампаніі не захацела каментаваць пастаўкі ў Беларусь. Алекнене заявіла, што каментары трэба ўзгадняць з акцыянерамі кампаніі, чые акцыі належаць цяпер брытанскай кампаніі Euromed Healthcare group. Пры гэтым яна зазначыла, што не мае інфармацыі пра лячэнне ў Беларусі параненых расійскіх салдатаў. Паабяцала праверыць гэтую інфармацыю, пасля чаго перастала адказваць на тэлефанаванні журналістаў.
Пры гэтым LRT прызнае, што медтавары не ўваходзяць у санкцыйны спіс экспарту ў Беларусь.
Палітолаг Віціс Юрконіс сцвярджае: немагчыма гарантаваць, што пастаўкі медтавараў з Літвы не выкарыстоўваюцца пры лячэнні расійскіх вайскоўцаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.