У Літве пачалі выпускаць надзіманыя макеты вайсковай тэхнікі
Макеты вайсковай тэхнікі актыўна выкарыстоўваюцца на вайне ва Украіне / delfi.lt
У Літве пачалі выпускаць надзіманыя макеты вайсковай тэхнікі. Іх прызначэнне — ўвесці праціўніка ў зман і прымусіць яго раскрыць пазіцыі для нападу, піша Delfi.
Кампанія Aviatema спецыялізуецца на вытворчасці чахлоў для рухавікоў у авіяцыі, надзіманых намётаў і ангараў для рамонту і абслугоўвання самалётаў, а таксама іншых вырабаў спецыяльнага прызначэння. Аднак "апошнія падзеі заахвоцілі кампанію пашырыць сваю дзейнасць", аб'явіла Літоўская асацыяцыя абароннай прамысловасці і бяспекі.
Надзіманыя ці пабудаваныя з дрэва і металу макеты вайсковай тэхнікі актыўна выкарыстоўваюцца на вайне ва Украіне. Яшчэ летась украінцы "заваблівалі" расійскія крылатыя ракеты на фальшывыя цэлі — драўляныя муляжы комплексаў HIMARS.