The Washington Post: Украіна падманвала расіян драўлянымі муляжамі HIMARS
Украінцы "завабліваюць" расійскія крылатыя ракеты на фальшывыя цэлі — драўляныя муляжы комплексаў HIMARS. Пра гэта піша амерыканскае выданне The Washington Post са спасылкай на высокапастаўленых амерыканскіх і ўкраінскіх афіцыйных асоб.
Драўляныя макеты HIMARS праз аб'ектывы расійскіх беспілотнікаў немагчыма адрозніць ад сапраўднай артылерыйскай батарэі. Таму яны перадаюць адпаведныя звесткі караблям з крылатымі ракетамі ў Чорным моры.
Паведамляецца, што за некалькі першых тыдняў па такіх фальшывых цэлях расійскія войскі выпусцілі не менш за 10 крылатых ракет "Калібр". Магчыма, менавіта іх Мінабароны Расіі запісала ў свае "перамогі", пра якія паведамляла на брыфінгах.
17 жніўня міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў заяўляў, што ўсе ракетныя комплексы HIMARS цэлыя, не зважаючы на паведамленні расіян.