У Грузіі расказалі пра прычыны, па якіх беларусам могуць адмовіць ва ўездзе
У аэрапорце Тбілісі / facebook.com/tavgeorgia
Служба дзяржбяспекі Грузіі назвала асноўныя прычыны адмовы замежнікам ва ўездзе. Прычыны сфармуляваныя ў справаздачы, якую Служба накіравала ў парламент. На дакумент звярнуў увагу рэсурс Reform.by.
Замежнага грамадзяніна могуць не пусціць у краіну, калі ён парушаў заканадаўства Грузіі аб акупацыі (напрыклад, наведваў Абхазію і Цхінвальскі рэгіён), альбо калі ў дачыненні да яго маецца інфармацыя пэўнага роду. У тым ліку, інфармацыя-папярэджанне ад краін-партнёраў; інфармацыя аб планаванні правакацыйных дзеянняў або інфармацыя аб заявах гэтага чалавека, якія наносяць шкоду інтарэсам Грузіі.
Апошнім часам з адмовамі ва ўездзе пачалі сутыкацца і некаторыя беларусы. Паводле грузінскіх законаў, грамадзяне РБ могуць знаходзіцца ў Грузіі год, затым яны павінны выехаць і могуць заехаць зноў. Аднак апошнім часам пры спробе паўторнага ўезду некаторых беларусаў прасілі пакінуць тэрыторыю краіны. Прычыну адмовы ва ўездзе пры гэтым дагэтуль не называлі.