У чэмпіянаце КХЛ мінскае "Дынама" выйграла ў авертайме ў "Сібіры" (відэа)

17 кастрычніка мінскае "Дынама" гуляла ў гасцях у "Сібіры" ў рамках чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі.
Навасібірскі клуб з'яўляецца лідарам Усходняй канферэнцыі КХЛ. Аднак "зубры" здолелі выйграць у гаспадароў з лікам 3:2 (0:1, 1:0, 1:1, 1:0). Апошняя шайба гульні была закінутая ў авертайме.
У дынамаўцаў шайбамі адзначыліся Дзмітрый Мялешка (на 25-й хвіліне), Артур Гаўрус (55-я), Мікіта Камароў (63-я).
Дарэчы, "Дынама" ўпершыню гуляла без свайго галоўнага трэнера Любаміра Покавіча, які нечакана сышоў у адстаўку 15 кастрычніка. Цяпер камандай кіруе яго асістэнт Андрэй Кавалёў.
Пасля 20 гульняў "Дынама" мае 29 ачкоў і займае 10-е месца ў Заходняй канферэнцыі. Каманда мае 9 перамог і 11 паразаў, розніца шайбаў 47-46.
Наступныя тры матчы мінскі клуб таксама правядзе ў гасцях. 19 кастрычніка дынамаўцы сустрэнуцца з новакузнецкім "Металургам", 21-га — з хабараўскім "Амурам", 23-га — з уладзівастоцкім "Адміралам".
Фота: hcdinamo.by