Турыстаў возяць у Чарнобыльскія раёны за 45 тысяч (фота зоны)

Каб прыцягнуць турыстаў у Чарнобыльскую зону, дэпутат ПП НС Мікалай Сергіенка прапануе арганізаваць там паляванне, а намеснік кіраўніка ўпраўлення фізкультуры, спорту і турызму Гомельскага аблвыканкама Вадзім Кармазін кажа, што цяпер там існуюць два распрацаваныя турыстычныя маршруты.

***

Днямі дэпутат Мікалай Сергіенка, намеснік старшыні пастаяннай камісіі па праблемах чарнобыльскай катастрофы, экалогіі і прыродакарыстання беларускага парламента заявіў, што Чарнобыльская зона –перспектыўная для развіцця экатурызму.


Еўрарадыё вырашыла даведацца, што менавіта меў на ўвазе дэпутат.


Мікалай Сергіенка: “Па-першае, тыя раёны нашай Беларусі Гомельскай і Магілёўскай вобласці, якія цяпер знаходзяцца ў зоне забруджвання – гэта гістарычна сфармаваны ўнікальны край поймы Прыпяці. Гэта такое ўнікальнае месца заліўных лугоў. І там расце ўнікальная трава, там мацнейшыя сенакосы, рыбныя месцы, старыцы... Гэта цудоўнейшыя лясныя дубравы, грыбныя месцы.... Там шмат звяроў, унікальных птушак і там, у гэтай цішыні яны спакойна развіваюцца і гэтак далей. Там ёсць, дзе адпачыць, ёсць, што паглядзець, ёсць, чым пацешыць сваё вока”.


Паводле дэпутата, адныя гэтыя ўнікальныя краявіды ўжо самі па сабе цягнуць туды людзей, у тым ліку і замежнікаў. Аднак у сваіх планах Мікалай Сергіенка пайшоў далей – і прапанаваў новы варыянт выкарыстання Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.


Мікалай Сергіенка: “Гэта месцы, дзе сёння шмат звяроў і дзічыны, на якую можна паляваць. Трэба зрабіць патрэбны сэрвіс для турыстаў, якія прыязджаюць менавіта паляваць!”


Дэпутата не пужае радыяцыя, бо, па яго меркаванні, сапраўднаму паляўнічаму не трэба есці мяса забітай жывёлы. Асноўную асалоду тыя атрымліваюць ад самога працэсу.


Мікалай Сергіенка: “Сапраўднаму паляўнічаму, якіх у свеце шмат, яму не цікава мяса забітай жывёлы ці птушкі. Яму цікавы сам працэс палявання. Таму сёння можна вельмі добра выкарыстоўваць нават непрыдатных у ежу жывёлаў для гэтага палявання”.


Як распавёў Еўрарадыё Вадзім Кармазін, намеснік кіраўніка ўпраўлення фізкультуры, спорту і турызму Гомельскага аблвыканкама, на сённяшні дзень ёсць два распрацаваныя маршруты ў Чарнобыльскую зону, аднак вялікім попытам яны не карыстаюцца.


Вадзім Кармазін: “Магу сказаць, што пра гэта шмат гаворыцца, пра чарнобыльскую тэматыку ў турызме, аднак рэальным попытам гэта не карыстаецца”.


Гаворка нават не можа ісці пра колькасць турыстаў за месяц:


Вадзім Кармазін: “Які месяц! Добра, калі 5 чалавек за год прыедзе!”


Больш за ўсё, паводле слоў Кармазіна, у Чарнобыльскую зону ездзяць навуковыя супрацоўнікі, часам – журналісты. Што тычыцца замежнікаў і экалагічнага турызму, то сапраўдным попытам карыстаюцца іншыя месцы Беларусі:


Вадзім Кармазін: “Зараз у замежнікаў запатрабаваны экалагічны турызм у нармальныя рэгіёны: Палессе, нацыянальны парк Прыпяцкі, заказнікі, санаторыі... А мы лезем туды, дзе турызму і быць не можа па азначэнні. Экстрэмальны турызм – гэта не ехаць у антысанітарную зону! З гэтай тэматыкай трэба быць вельмі асцярожным, каб не трубіць з усіх трыбунаў, што ў нас ёсць унікальны рэсурс – Чарнобыльская зона. Гэта наша бяда! Бяда, якая нанесла такія страты турызму, што мы яшчэ гадоў 20 будзем гэта адчуваць”.


Нямецкі турыст, які ў свой час наведаў Чарнобыльскую зону, распавядае, што чалавек там за 22 гады запусцення стаў чужым і яму больш няма месца:


Нямецкі турыст: “Там сапраўды на працягу гэтых 22 год, якія прырода жыве сваім жыццём, няма амаль ніякага ўплыву чалавека. І сказаць, што там камфортна гэта, канешне, немагчыма. Уражанні вельмі супярэчлівыя. Канешне, прырода за гэтыя гады разрасталася там так, як нідзе яшчэ – бо чалавека няма”.


Наш суразмоўца не ведае, якім чынам можна развіваць экатурызм у беларускай Чарнобыльскай зоне, калі там няма нават мабільнай сувязі.


Нямецкі турыст: “Там няма ніякай інфраструктуры, няма электрычнасці, няма вадаправоду, няма дарогі! Канешне, можна спрабаваць катацца на машыне па гэтых дарогах, але сказаць, што гэта асалода, язык не паварочваецца. Па-другое, для турызму патрэбныя перадумовы бяспекі, а іх там няма. На беларускім баку зоны няма сеткі мабільнай сувязі. Таму калі раптам штосьці здарыцца, нельга нават выклікаць дапамогу!”


Аднак ў дэпутата Мікалая Сергіенкі пытанне інфраструктуры не выклікала вялікіх ваганняў:


Мікалай Сергіенка: “Інфраструктуру можна ствараць на чыстых тэрыторыях. А самыя гэтыя экалагічныя сцежкі для палявання, для турызму, для паходаў туды рабіць на забруджаных тэрыторыях. Іх можна зрабіць так, каб яны ніякай шкоды здароўю не наносілі”.


Дарэчы, нават сёння паехаць у Палескі радыелагічны запаведнік можа кожны жадаючы, як беларус, так і замежнік. Кошт будзе залежыць ад транспарту, які вы выберыце, і ад таго, ці збіраецеся заставацца на ноч. Прыкладна такая паездка без начоўкі будзе каштаваць 45 тысяч рублёў. Падчас наведвання запаведніку вас абавязкова будзе хтосьці суправаджаць – аднаму гуляць там проста небяспечна.


“Белінтурыст”: “Адны вы там хадзіць не можаце, вас будуць суправаджаць супрацоўнікі Акадэміі навук”.


Нягледзячы на тое, што паездкі для турыстаў у Чарнобыльскую зону ладзяцца, у гомельскім “Белінтурысце” іх успрымаюць без асаблівага інтузіязму:


“Белінтурыст”: “Калі шчыра, я супраць таго, каб на нашай бядзе рабілі такія грошы. Зроблена гэтая праграма была выключна для спецыялістаў”.


Наш зямляк Арцём, які быў у Чарнобыльскай зоне з украінскага боку, распавёў, што там кожнага чалавека і кожную машыну на выездзе правяраюць на радыяцыю, і калі раптам узровень павышаны – адразу ж праводзіцца дэзактывацыя. У зоне нельга нічога есці, піць і збочваць з дарогі. Ён лічыць, што Чарнобыльская зона магла б быць прыдатнай для экатурызму, аднак не як забава, а як месца, якое дапамагае крыху інакш паглядзець на экалогію і атамную энергетыку.


Арцём: "Я лічу, што так, гэта добра. І для зоны, і для людзей, якія туды з’ездзяць. Я лічу, што гэта можа змяніць адносіны чалавека і да прыроды ўвогуле, і да атамнай энергетыкі."


Арцём дадаў, што вельмі важна памятаць, што гэта не месца для пікнікоў ці экстрэмальнага турызму, а месца найвялікшай экалагічнай катастрофы чалавецтва, і ставіцца да яго трэба адпаведна.


Няправільным падаецца падыход да Чарнобыльскай зоны як да турыстычнай цікавосткі і Вадзіму Кармазіну:


Вадзім Кармазін: "Спачатку мы на ўсю Еўропу казалі, якія мы няшчасныя, каб нам дапамогу далі. А цяпер мы мусім наадварот казаць, што ў нас усё добра, каб да нас прыехалі ў Чарнобыльскія раёны!"


Фота: Арцёма