“Такога масіраванага абстрэлу жылых кварталаў у гэтую вайну яшчэ не было”
У абстраляным раёне Марыупаля няма практычна ніводнага дома, у які б не патрапіла ракета з “Града”, распавядае праваабаронца Канстанцін Рэуцкі
Еўрарадыё: Марыупаль — фактычна прыфрантавы горад ужо не адзін месяц, але наколькі нечаканым стаў абстрэл жылых кварталаў горада 24 студзеня?
Канстанцін Рэуцкі: Ваенныя дзеянні вакол Марыупалая, артылерыйскія дуэлі паміж сепаратыстамі і ўкраінскай арміяй вяліся з канца жніўня і ў пэўным сэнсе марыупальцы ўжо прызвычаіліся. Але такі абстрэл жылых кварталаў быў упершыню. Прычым ён быў вельмі масіраваны. Такі абстрэл быў нечаканы нават для нас, а мы бачылі розныя абстрэлы за гэтыя месяцы — такога масіраванага абстрэлаў жылых кварталаў у гэтую вайну яшчэ не было. Была паніка адразу пасля абстрэлу — людзі масава пакідалі мікрараён “Усходні”, але ўсё даволі хутка супакоілася. І ўжо ў другой палове дня ў дзень абстрэлу людзі дапамагалі пацярпелым, стаялі чэргі, каб здаць кроў. Адразу быў сфармаваны “Штаб дапамогі пацярпелым”, камерцыйныя арганізацыі і грамадскія ініцыятывы прывозяць гуманітарную дапамогу, будаўнічыя матэрыялы.
Еўрарадыё: Наколькі моцна пацярпелі будынкі, адкуль будуць адсяляць людзей?
Канстанцін Рэуцкі: Шматпавярховыя дамы не пацярпелі да такой ступені, каб патрэбнае было адсяленне. Мы не абышлі ўвесь мікрараён, але ў тым раёне, дзе мы працавалі, мы не знайшлі ніводнага дома, у які б не патрапіла ракета. Дамам патрэбны касметычны рамонт і найперш — паставіць вокны. Ёсць шматпавярхоўкі, дзе на ўвесь дом не засталося ніводнага цэлага шкла ў вокнах. Затое 15 прыватных дамоў згарэла цалкам. Людзей з іх рассялілі ў муніцыпальныя памяшканні, і будзе на дзяржаўным узроўні вырашацца пытанне аб выплаце ім кампенсацыі за страчаную маёмасць.
Марыупаль абстралялі з "Градаў" (відэа абстрэлу і разбурэнняў)
Еўрарадыё: Ці шмат людзей пасля гэтага абстрэлу нарэшце вырашылі з’ехаць з горада?
Канстанцін Рэуцкі: Пэўная колькасць, безумоўна, з’едзе. Пазаўчора людзі масава з’язджалі з мікрараёна. У мяне было ўражанне, што да вечара там ўвогуле нікога не застанецца. Але прыехаўшы туды ноччу, мы пабачылі, што людзей у абстраляным мікрараёне засталося даволі шмат.
Еўрарадыё: Засталіся, бо баяліся марадзёраў? Былі спробы “пад шумок” абрабаваць крамы?
Канстанцін Рэуцкі: Міліцыя і ваенныя вельмі хутка адрэагавалі на сітуацыю — горад амаль адразу пачалі ўзмоцнена патруляваць. І асабліва — пацярпелы раён. Міліцыянераў і ваенных мы бачылі там амаль што ля кожнага дома. Шмат міліцэйскіх патрулёў было ноччу — пэўны час і мы разам з імі патрулявалі раён. Мяркую, што шанцаў у марадзёраў і дыверсантаў у мікрараёне “Усходні” дакладна няма.
Еўрарадыё: АБСЕ прызнала, што абстрэл вёўся з тэрыторыі баевікоў, але расійскія СМІ па-ранейшаму сцвярджаюць, што страляла па горадзе ўкраінская армія…
Канстанцін Рэуцкі: На месцы падзей усё робіцца відавочным: большасць варонак паказваюць, што абстрэл вёўся з усходняга кірунку. А ўжо за 12 кіламетраў на ўсход ад Марыупаля знаходзіцца тэрыторыя, якая не кантралюецца ўкраінскай арміяй. Нязначная колькасць варонак і ракет, якія не спрацавалі, паказвае на паўночна-ўсходні кірунак, але і там, практычна пад Марыупалем, знаходзяцца пазіцыі баевікоў. Так што ўсё відавочна.
АБСЕ: Марыупаль абстралялі з тэрыторыі, якая кантралюецца ДНР
Канстанцін Рэуцкі
Еўрарадыё: Ці ёсць тлумачэнне гэтаму абстрэлу: адтуль страляла ўкраінская артылерыя, там размешчаны нейкі ваенны склад ці вайсковая база?
Канстанцін Рэуцкі: З жылых раёнаў украінская армія абстрэлаў не вядзе. Пазіцый украінскай арміі ў самім мікрараёне не было і няма. Але за кіламетр ад крайніх дамоў мікрараёна “Усходні” знаходзіцца блокпост украінскай арміі. Імаверна, што менавіта гэты блокпост і быў мэтай тэрарыстаў. Але ў той дзень быў туман, “неартылерыйскае надвор’е”, як кажуць вайскоўцы, і можна казаць, што баевікі не скарэктавалі правільна агонь. Але рэч у тым, што ніводная ракета не легла ў раёне блокпоста, а ўсе прыляцелі ў жылы раён. Прычым “Грады” накрылі вялікую плошчу: больш за 1 квадратны кіламетр. І таму выглядае гэта як акцыя запалохвання мірнага насельніцтва. Як гэта рабілі баевікі ў станіцы Луганскай. Там яны паставілі мясцовым жыхарам умову: альбо яны праводзяць мітынг і патрабуюць выхаду з яго ўкраінскіх ваенных, альбо яны будуць знішчаць станіцу разам з вайскоўцамі. Магчыма, гэты абстрэл Марыупаля меў на мэце такім жа чынам паўплываць на настроі людзей — каб яны запатрабавалі ад ваенных сысці з горада. Але рэакцыя была адваротная: людзі тут вельмі агрэсіўна ставяцца да ДНР, да расійскіх ваенных, якія тут прысутнічаюць, да спроб наступу на Марыупаль.
Еўрарадыё: А якое адчуванне ў горадзе — будзе наступ на Марыупаль?
Канстанцін Рэуцкі: Я планаў супрацьлеглага боку не разумею. Ваенныя кажуць, што наступ цалкам імаверны, але ў мяне пакуль складаецца ўражанне, што Масква такімі лакальнымі наступамі і актамі запалохвання спрабуе ўзмацніць сваю пазіцыю ў перамовах, якія пастаянна вядуцца. Гэта проста перамовы ў гэтых перамовах, як бы цынічна гэта ні гучала. Не выключана, што наступ усё ж будзе, і ваенныя кажуць, што яны да такога павароту падзей гатовыя.
Фота: з архіва Канстанціна Рэуцкага