Суд пакінуў украінскую лётчыцу Саўчанка пад вартай да канца жніўня

Абарона прасіла выпусціць яе пад заклад 500 тысяч расійскіх рублёў, перадае УНІАН.

Падчас пасяджэння адвакаты Саўчанка Марк Фейгін і Мікалай Полазаў заявілі пра незаконнасць яе ўтрымання пад вартай. У прыватнасці, яны адзначылі, што ў судовай справе гаворыцца, быццам "злачынства" Саўчанка было здзейснена на тэрыторыі ЛНР, якая з'яўляецца тэрарыстычнай арганізацыяй і не з'яўляецца суб'ектам міжнароднага права. Па словах Фейгіна, расійскія органы павінны звярнуцца да ўкраінскіх калег з просьбай аказаць дапамогу ў расследаванні гэтай справы.

Таксама адвакат адзначыў, што відавочных доказаў віны Саўчанка няма, а, згодна з расійскам заканадаўствам, браць пад варту можна толькі пры наяўнасці канкрэтных сведчанняў злачынства.

Сама Саўчанка заявіла, што расійскія спецслужбы незаконна даставілі яе ў РФ і для справядлівасці павінны вярнуць ва Украіну, а яна, пры неабходнасці, вернецца для судовага разбору.

Пракуроры выказаліся катэгарычна супраць вызвалення Саўчанка з-пад варты, бо яна нібыта можа схавацца і аказваць ціск на сведак і пацярпелых. Нагадаем, што пацярпелымі па справе з'яўляюцца загінулыя расійскія журналісты Антон Валошын і Ігар Карнялюк.

Фота — УНІАН