Сталі вядомыя імёны 742 беларусаў, якія ваююць на баку Расіі супраць Украіны

Расійскія вайскоўцы, ілюстрацыйнае фота / ТАСС
Украінскія журналісты абнародавалі імёны 742 грамадзян Беларусі, якія падпісалі кантракт і пайшлі ваяваць супраць Украіны. Даныя абнародаваў дзяржаўны ўкраінскі праект "Хачу жыць", якім займаецца Каардынацыйны штаб па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі. Раней ён публікаваў спісы грамадзян Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана, якія ваююць на расійскім баку.
У беларускім спісе налічваюцца 742 прозвішчы людзей, якія з 2023 года ваююць супраць Украіны. Паведамляецца, што 96 з іх ужо загінулі, а сямёра трапілі ў палон.
"Гэта толькі тыя, пра каго нам вядома. Мы ацэньваем, што агульная колькасьць наймітаў значна большая. Спіс загінулых таксама няпоўны. Гэта толькі тыя, пра якіх мы на 100 адсоткаў ведаем, калі яны загінулі і дзе пахаваныя", — адзначылі супрацоўнікі праекта ў каментары для Радыё Свабода.
Яны адзначаюць, што беларусы ў расійскіх шэрагах часцей за ўсё аказваюцца з ідэалагічных прычынаў, а не з фінансавых (як жыхары больш бедных рэгіёнаў). На нашых суграмадзян уплывае расійская прапаганда, якая сцвярджае пра "нацыстаў ва Украіне" і заклікае абараняць "агульную савецкую мінуўшчыну".
Паводле інфармацыі Каардынацыйнага штаба, актыўна вербаваць беларусаў у расійскае войска пачалі з другога квартала 2023 года. Сярод навабранцаў шмат колішніх вязняў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.