Спецпрадстаўнік Трампа плануе паездку ў Беларусь

Кіт Келаг / Andrew Harnik/AP/dpa/picture alliance
У Беларусь бліжэйшымі днямі плануе прыехаць спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта ЗША па пытаннях Украіны Кіт Келаг. Ён будзе сустракацца з Аляксандрам Лукашэнкам, паведамляе Reuters са спасылкай на ўласныя крыніцы.
Дакладны парадак дня сустрэчы не абвяшчаецца. У прыватных размовах, як кажуць крыніцы, Келаг выказаў меркаванне, што гэтая паездка можа дапамагчы запусціць працэс мірных перамоваў, каб спыніць вайну Расіі супраць Украіны.
Дзярждэп ЗША і пасольства Беларусі ў Вашынгтоне ад каментароў адмовіліся. Келаг і Белы дом не адказалі на запыты пра каментары.
Як адзначае Reuters, падрыхтоўка візітаў такога ўзроўню патрабуе пільных перамоваў. Пакуль паездка афіцыйна не абвешчаная, таму ў апошні момант яна можа быць скасаваная або змененая.
Паводле інфармацыі "Нашай Нівы", візіт можа адбыцца ў пятніцу 20 чэрвеня. Рэжым Лукашэнкі з гэтай нагоды можа вызваліць групу палітвязняў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.