Рыгор Кастусёў забраў сына пасля вызвалення з турмы

У 16.00 з брамы жодзінскай турмы №8, дзе ў СІЗА ўтрымліваліся арыштанты-апазіцыянеры, у суправаджэнні аўтамабіля Жодзінскага ГАЎС выехаў мікрааўтобус са знакам “дзеці” на заднім шкле. "Дзяцей-сутачнікаў” адвезлі на чыгуначную станцыю “Жодзіна”, адкуль, верагодна, мелі намер адправіць электрычкай у Мінск.

Аднак гэтую апошнюю паслугу міліцыянтам не дазволілі аказаць сябры і сваякі вызваленых. Яны дзяжурылі ля брамы СІЗА з самае раніцы, суправадзілі канвой да станцыі, дзе і размеркавалі былых арыштантаў па машынах, каб развезці па хатах.
 
Прыкладна ў гэты ж час з ізалятара часовага ўтрымання Жодзінскага ГАЎС адпусцілі яшчэ аднаго “15-сутачніка” —сына Рыгора Кастусёва Андрэя. За ім прыехаў сам бацька экс-кандыдат, які, акрамя таго, яшчэ паспеў паціснуць рукі ўсім трынаццаці вызваленым з СІЗА, паведамляе ex-Press.by.