Звольненая настаўніца Наталля Іллініч атрымала 117 грашовых пераводаў
Настаўніца гісторыі вышэйшай катэгорыі выказала падзяку ўсім, хто падтрымаў яе ў цяжкую хвіліну і дазволіў захаваць веру ў дабро і чалавечнасць.
Звольненая настаўніца Талькаўскай сярэдняй школы Наталля Іллініч атрымала 117 грашовых пераводаў у рамках акцыі ў яе падтрымку, якая стартавала 1 красавіка.
У інтэрв'ю БелаПАН Іллініч паведаміла, што сярэдняя сума пераводаў складае каля 50 тысяч рублёў.
Паводле яе слоў, пераводы, а таксама цёплыя словы падтрымкі ад калег сведчаць аб тым, што "людзі жадаюць, каб праўда перамагла". "Яны падтрымліваюць мяне ў гэтым імкненні", — сказала Іллініч.
"Сіла акцыі салідарнасці ў тым, што дзяржава не можа ёй перашкодзіць. Чыноўнікі хацелі зрабіць мне кепска, каб я павінілася перад імі. Аднак сваімі дзеяннямі дзяржава выклікала хвалю спачування сярод грамадзян", — адзначыла настаўніца. Яна выказала падзяку ўсім, хто падтрымаў яе ў цяжкую хвіліну і дазволіў захаваць веру ў дабро і чалавечнасць.
Настаўніца гісторыі вышэйшай катэгорыі Наталля Іллініч была звольнена 27 студзеня. Педагог лічыць, што звальненне звязана з яе актыўнай грамадзянскай пазіцыяй