Заяўкі на ўдзел у "Еўрабачанні" ад Беларусі падаюць у асноўным замежнікі
А беларускія заўсёднікі адбору расчараваліся ў конкурсе і ўдзельнічаць не плануюць.
Прайшло два тыдні ад пачатку прыёму заявак беларускіх выканаўцаў на ўдзел у адборы на "Еўрабачанне-2011". Паводле словаў намесніка старшыні "Белтэлерадыёкампаніі" Аляксандра Мартыненкі, жадаючых прадставіць краіну на еўрапейскім песенным конкурсе дастаткова. Вось толькі сярод іх беларусаў небагата.
Аляксандр Мартыненка: "Ведаеце, заявак шмат, але ў асноўным ад замежнікаў, прадстаўнікоў Швецыі, Мальты, Іспаніі, Грэцыі. Шчыра кажучы, я пакуль не прыглядаўся да заявак. Але, на маю думку, асабліва знакамітых там няма".
Пэўны час таму сваё жаданне прадставіць Беларусь на "Еўрабачанні" выказваў лідар гурта Rouble Zone Алег "Джагер" Мінакоў, які ўжо 14 год жыве ў Бельгіі. Але, нават не дачакаўшыся прыёму заявак, рок-кароль 1995-га года ад гэтай ідэі адмовіўся.
Алег Мінакоў: "Я так зразумеў, што гэта ўсё нерэальна. Я ж не першы дзень у бізнэсе і ведаю, як працуе гэтая машына там [у Беларусі. — Заўв. Еўрарадыё]. Ёсць такі чалавек, які прасоўвае гурт Litesound, і тое, што ўсе гэтыя камісіі вырашаць, што паедзе Litesound, у мяне не выклікае сумневу. Таму я не хачу займацца марнаваннем часу".
Магчыма, і сапраўды на “Еўрабачанне-2011” было б справядліва адправіць менавіта Litesound. Хлопцы ўдзельнічалі ў кожным мінулым адборы, і кожны раз былі высока ацэненыя. Але сёлета сітуацыя іншая: музыкі могуць не трапіць на конкурс… З ўласнай ініцыятывы!
"Стаміліся мы ад гэтых адбораў, бо настолькі незразумелыя гэтыя крытэры... Я пакуль не ведаю, магчыма, пададзім заяўку. Але нешта пакуль няма жадання, — распавёў Еўрарадыё вакаліст гурта Зміцер Каракін. — Мы падалі заяўку ад іншых краін, каб паглядзець, якія там крытэры адбору — у Малдове ды Літве. Але нават калі мы трапім у фінал, не факт, што мы здолеем туды паехаць, бо ў нас шмат працы зараз. Агулам на паездку спатрэбіцца не менш за тыдзень, а ў нас такіх часовых рэсурсаў няма".
Дарэчы яшчэ адна заўсёдніца беларускіх адбораў, Гюнэш Абасава, якая ў мясцовых фіналах займала другое месца, сёлета падаваць заяўку таксама не плануе. Затое ў спявачкі ёсць гурт, у чыім поспеху на "Еўрабачанні" яна перакананая.
Гюнэш Абасава: "За такі кароткі тэрмін, за 25 дзён, немагчыма напісаць песню і падрыхтавацца артысту. Таму я схіляюся да таго, што ў гэтым годзе адпраўляць заяўку не буду. Напэўна, я б адправіла нацыянальную беларускую песню сёлета. Я б адправіла гурт "Троіца". Мне падаецца, што калі мы не можам прайсці ў фінал, калі мы не разумеем, што трэба Еўропе ў музычным сэнсе, то гурт "Троіца" стаў бы правільным і прыгожым рашэннем. Ва ўсялякім разе мы б вылучыліся як беларусы".
Такую ж думку выказваюць беларускія слухачы на шматлікіх форумах, прысвечаных "Еўрабачанню". Але, на жаль, сама "Троіца" еўрапейскім песенным конкурсам увогуле не цікавіцца, бо гурт моцна заняты напісаннем новай праграмы.
Нагадаем, што, каб узяць удзел у адборы на "Еўрабачанне-2011", трэба даслаць сваю песню на адрас "Белтэлерадыёкампаніі" не пазней як да 21 лютага. Каб ацаніць прэтэндэнтаў, што падалі заяўкі, арганізатары складуць адмысловыя фокус-групы, якія не пазней за 1-га сакавіка вызначаць прадстаўніка ад Беларусі. Гэтым разам фінал конкурсу будзе праходзіць 14 траўня ў Дзюсельдорфе, паўфіналы адбудуцца 10-га ды 12 траўня. Дарэчы, паводле лёсавання, беларускі прадстаўнік выступіць ў другім паўфінале.
Фота: eurovision.org.ru