Затрыманага ў Брэсце Рамана Кісляка адпусцілі без складання пратаколу
Па словах Кісляка, да затрымання ён распаўсюдзіў сярод мінакоў 35 асобнікаў бюлетэня "Не бойцеся!".
Як паведаміў БелаПАН праваабаронца, яго затрымалі ў 18 гадзін на плошчы Леніна ў будынка Брэсцкага аблвыканкама, дзе ён распаўсюджваў адмысловы выпуск бюлетэня "Не бойцеся!" Беларускага камітэта абароны рэпрэсаваных "Салідарнасць". У бюлетэні змешчана патрабаванне пра вызваленне арыштаваных пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня.
"Мяне даставілі ў Ленінскі РАУС, дзе ўзялі пісьмовыя тлумачэнні і канфіскавалі 45 асобнікаў бюлетэня, якія я не паспеў раздаць, — сказаў Кісляк. — У 19 гадзін мне выдалі копію пратаколу канфіскацыі і паведамілі, што я вольны. Потым супрацоўнік дзяжурнай часткі заявіў, што я павінен прайсці дактыласкапію. Я адмовіўся. Мяне зноў затрымалі і змясцілі ў камеру папярэдняга зняволення. У 20.30 выпусцілі. Супрацоўнік міліцыі яшчэ раз спытаў, ці гатовы я адздымаць адбіткі пальцаў. Я зноў адмовіўся. Тады мне вярнулі вынятыя асабістыя рэчы, у тым ліку шнуркі і ачкі, і адпусцілі".
"Людзі павінны ведаць, што адбываецца ў краіне пасля 19 снежня. Дарэчы, у адпаведнасці з беларускім заканадаўствам на распаўсюд інфармацыі не трэба браць ніякага дазволу", — заявіў Кісляк.