Замежныя эксперты: Амбасадары ЕС хутка вернуцца без усялякіх саступак

120229 Luka6uk Scenary.mp3

Найгоршым варыянтам развіцця дыпламатычнага канфлікту палітолаг, прафесар Каўнаскага ўніверсітэта Вітаўта Вялікага Гінтаўтас Мажэйкіс лічыць пераход да санкцый эканамічных. Калі ў адказ Беларусь перакрые свае заходнія межы. Праўда, Мінску гэта будзе складана зрабіць з-за Мытнага саюза.


Гінтаўтас Мажэйкіс: “На фоне выбараў не зусім быў б для Расіі зручны канфлікт з Еўрасаюзам. Таксама і Казахстан вельмі прагматычна настроены на Мытны саюз і наўрад ці зацікаўлены ў эскалацыі напружання паміж двума саюзамі”.


На думку эксперта, канфлікт не выйдзе за межы дыпламатычнага.


Гінтаўтас Мажэйкіс: “Адклічуць адныя краіны сваіх генеральных консулаў на менш працяглы час, іншыя — на больш працяглы. Консульствы пэўны час могуць працаваць без свайго генеральнага консула: візы будуць выдавацца. Толькі будуць адмежаванні для нейкіх міжнародных сувязяў і абменаў”.


Такая сітуацыя пэўны час застанецца незаўважанай, але калі яна зацягнецца, то можа моцна ўдарыць па беларускіх кампаніях. Бо спыніцца ўдзел у міжнародных праграмах і праектах.


Невяртанне амбасадараў у Мінск называе горшым варыянтам развіцця канфлікту і польскі палітолаг-міжнароднік Войтэк Бародзіч.


Войтэк Бародзіч: “Можа стацца, што Еўрасаюз не будзе вяртаць амбасадараў і трымаць у амбасадах “рахітычныя” структуры. Сам жа Еўрасаюз пагодзіцца з сітуацыяй, што Беларусь не ідзе па шляху ўзмацнення сваёй незалежнасці, а наадварот — ідзе па шляху да страты гэтай незалежнасці”.


Сітуацыю, калі Еўрасаюз увядзе эканамічныя санкцыі, дацэнт кафедры палітычнай тэорыі Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносінаў МЗС Расіі Кірыл Коктыш таксама называе найгоршай з магчымых. Але толькі для Беларусі, бо яна не зможа прадаваць ў Еўропу прадукты сваёй нафтаперапрацоўкі. Адэкватна адказаць на гэта Мінску няма чым. Але, хутчэй, канфлікт проста паступова заціхне.


Кірыл Коктыш: “Беларускі бок вызваліць Саннікава і астатніх палітычных вязняў. І адным стрэлам вырашыць дзве праблемы — зможа легітымізаваць парламенцкія выбары і аднавіць узровень еўрапейскага прадстаўніцтва”.


Адзіным варыянтам развіцця падзей кіраўнік цэнтра імя Бертольда Бейтэ Нямецкага савета знешняй палітыкі Аляксандр Рар бачыць хуткае вяртанне ўсіх амбасадараў у Мінск.


Аляксандр Рар: “Еўрапейцы вытрымаюць паўзу, і калі Беларусь не пойдзе на нейкія канкрэтныя і канструктыўныя крокі, то праз месяц альбо праз некалькіх тыдняў амбасадары вернуцца ў Беларусь”.


А Гінтаўтас Мажэйкіс лепшым сцэнарыем лічыць вызваленне ўсіх палітвязняў і прабачэнні афіцыйнага Мінска, перш за ўсё перад Польшчай. Пры гэтым эксперт выказвае здагадку, што сцэнар канфлікту Беларусь-ЕС маглі пісаць... у Маскве.


Гінтаўтас Мажэйкіс: “Замах на Пуціна і гэты канфлікт паміж ЕС і Беларуссю менавіта напярэдадні выбараў — такія хады часта выкарыстоўваюцца такімі аўтарытарнымі рэжымамі, якія разумеюць механізмы прапаганды. Яны ствараюць нейкі канфлікт, які перакрывае іншы канфлікт”.


Кірыл Коктыш лічыць, што канфлікты былі створаныя беларускімі і ўкраінскімі ўладамі, каб... спадабацца Пуціну.


Кірыл Коктыш: “Гэта рытуальны гандаль дзеяннямі з боку Мінска і Кіева. Каб неяк засяродзіць увагу Масквы на сабе і падкрэсліць, што “мы з табой, памятай і ў грошах гэта вызнач”.


Гэтую тэорыю чуў і Аляксандр Рар, але лічыць яе малаверагоднай.


Польскі палітолаг-міжнароднік Войтэк Бародзіч мяркуе, што ў Пуціна зараз столькі сваіх перадвыбарных праблем, што пісаць сцэнары для Кіева і Мінска няма часу і жадання.

Беларусь — ЕС. Хроніка дыпламатычнай вайны. Год 2012