Замежных дыпламатаў і суд паселяць побач з апазіцыйнымі мітынгамі
Для гэтага на плошчы Бангалор ужо ссеклі частку яблыневага саду.
Парк Дружбы народаў — ледзь не адзінае месца ў Мінску, дзе ўлады дазваляюць праводзіць мітынгі. Вялікі парк на 70 гектараў. На яго паўночнай частцы месціцца Інстытут меліярацыі. Цяпер там збіраюцца пабудаваць суд, расійскі Цэнтр навукі і культуры і будынкі дыппрадстаўніцтваў.

План будучай забудовы: зялёным пазначаны парк, чырвоным і аранжавым - будучая забудова.
“Пляцоўка, на якой цяпер знаходзіцца Інстытут меліярацыі, на жаль, пераўтварылася ў бамжатнік — гэта трэба прызнаць, — тлумачыць начальнік упраўлення горадабудаўніцтва Камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама Сяргей Казлоўскі. — Парк Дружбы народаў мы не кранаем. Мы яго павялічваем”.
Але мясцовых жыхароў новабудоўля не задавальняе. Людзі сабралі 600 подпісаў пад лістом у Адміністрацыю прэзідэнта з патрабаваннем не кранаць гэтую частку парку, а чыноўнікі вымушаныя былі правесці слуханні па праекце будаўніцтва і адказаць на пытанні жыхароў.
Тэрыторыя Інстытута меліярацыі займае 6 гектараў. Некаторыя памяшканні Інстытуту збіраюцца пакінуць. Частку яблыневага саду, дзе любілі шпацыраваць і маладыя, і пенсіянеры, ужо высеклі пад будынак суда.

Пляцоўка пад суд Савецкага раёну. Тут ужо высеклі больш за 100 дрэваў.

“Насупраць маіх вокнаў ходзіць трактар і будуе суд. Народу было нядрэнна, калі быў сад. А нам тыя яблыкі прадаваць было нерэальна, бо ён каля дарогі. Таму добра, што гэтую тэрыторыю забралі”, — гавораць у Інстытуце меліярацыі.
Паводле чыноўнікаў, зробленыя экспертызы дазваляюць будаваць на гэтай пляцоўцы.
“Вынікі, якія зробленыя ў даследаванні, сведчаць, што гэты раён можа і падлягае пад забудову паводле генеральнага плану”, — дае справаздачу Сяргей Казлоўскі. На гэта яму пярэчыць адзін з жыхароў:
“Вы кажыце, што генеральны план — гэта закон, пад які мы мусім падладжвацца. Паводле Канстытуцыі і ў дэкрэтах напісана, што ўлады мусяць праводзіць палітыку, якая паляпшае жыццё грамадзянаў, а не нараджае масавыя пратэсты”.
Жыхароў Савецкага раёну цікавіць, як будоўля паўплывае на экалогію раёна.
Дзяржаўныя эколагі адказваюць, што добра. Згодна са словамі старшыні Камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксея Баравікова, экалогія ў раёне ад будаўніцтва толькі палепшыцца, бо пасадзяць дрэваў больш, чым высекуць.
Выпадае, што планы чыноўнікаў разыходзяцца з жаданнямі людзей, але чыноўнікаў гэта не засмучае.
“Сутнасць праблемы — хто замаўляе палітыку: людзі ці чыноўнікі. Вядома, што чыноўнік не мае права прымаць рашэнні, іх прымае народ. Пакуль у нас атрымоўваецца, што чыноўнікі гавораць: “Гэта не для вас, гэта дарагія землі, гэта вас не тычыцца”, — гаворыць эколаг Аляксандр Сыкала.
Але паўплываць на будоўлю адным сваім меркаваннем жыхары раёна не змогуць. Для гэтага трэба, каб былі парушэнні заканадаўства забудоўшчыкамі і праектыроўшчыкамі. А такіх парушэнняў, паводле чыноўнікаў, няма.
“Можна сабраць і 200, і 500, і 10 тысяч подпісаў. Мусіць быць аргументацыя, а не спрэчкі на эмацыйным узроўні. Калі нічога не парушана, усё зроблена правільна… Праект можна перагледзіць, толькі калі ёсць парушэнне заканадаўства”, — кажа начальнік упраўлення горадабудаўніцтва.
Чыноўнікі абяцаюць, што давядуць пажаданні жыхароў да кіраўніцтва горада, а людзі чакаюць адказу ад чыноўнікаў і вырашаюць, што рабіць далей.