За месяц кава падаражэла на 8 тысяч, а проса на 4
А ў некаторых прыватнікаў скончыліся жаночыя пракладкі і прылады для галення.
Еўрарадыё праверыла, як выраслі кошты на прадукты ў сталічных крамах і якія тавары наогул зніклі.
Найбольш падаражэла кава, бытавая хімія, прадметы туалета і крупы. Каля лавачкі з кавай і гарбатай на “Аэрадромным” рынку пакупнікоў няма: “Усё падаражэла, нашмат, 60%-100%. Глядзіце, калі вось гэты пачак, – паказвае прадаўшчыца на двухсотграмовы пакунак кавы, – каштаваў раней 13 тысяч рублёў, цяпер ўжо 21 000”.
За месяц кава падаражэла на 8 тысяч, пры гэтым кошты будуць расці, упэўненая загадчыца адной са сталічных крамаў.
Загадчыца крамы: "Кава італьянская молатая, гэта ў банках 250 грамаў. Да падаражання яна каштавала 19 тысяч, цяпер каштуе 27. Але гэта не мяжа, бо кажуць, што пасля гэтага яны яшчэ падаражэлі".

У невялічкай краме ў цэнтры Мінска маленькая чарга з пакупнікоў. Бяруць у асноўным хлеб, малако. Прадаўшчыца скардзіцца на падаражанне крупаў. Маўляў, вельмі шмат каштуюць грэчка і проса.
У сакавіку рыс каштаваў 4790, цяпер за пачак рысу просяць 6370. Макароны падаражэлі на дзве тысячы, а проса на чатыры.
У буйной краме, якая месціцца па суседству наракаюць на падаражанне замежных тавараў. На ўвазныя прадукты ўжо некалькі разоў мянялі цэннікі з сакавіка, кажа прадаўшчыца.
Прадаўшчыца: “На нашу прадукцыю нячаста мяняем (цэннікі – заўв. Еўрарадыё). Тое, што прывезенае, не тое, што часта, а ўжо два разы мяняліся кошты, з таго як пачаўся гэты бум. Яны ж закупляюць прадукцыю не ў беларускіх рублях, вы ж разумееце”.
Праз падвышэнне цэнаў, стала і менш пакупнікоў, працягвае супрацоўніца крамы. А вось дэфіцыту тавараў няма.
“Пакуль у нас ўсё ёсць, перажываем, што пакупнікоў няма. Пэўна ўсё патрацілі на цукар і на долары”.
Змяніліся і цэннікі на алкаголь. У краме, дзе прадаецца спіртное давялося напаткаць толькі аднаго пакупніка. Усё, што цяпер пастаўляецца ўжо даражэй, кажа супрацоўніца алкагольнай крамы.
Супрацоўніца крамы: “Усё што прыходзіць новае даражэй, што на 15%, што на 20%, што на 25%”.
Пры гэтым найбольш падаражэла ўкраінскае піва, дадае касірка. Цяпер паўлітровая бутэлька піва "Білэ" каштуе 4600 рублёў. А ў мінулым месяцы за гэтае ж піва гандляры прасілі 3800. А за зялёны расійскі “Тубарг” давядзецца заплаціць 5900.

На рынку людзей няшмат. Некаторыя лавачкі наогул зачыненыя. У боксе, дзе прадаецца бытавая хімія прадукцыі паменела. Прыватнік тлумачыць гэта павышэннем коштаў. Маўляў, не выгадна закупляцца па гэткіх цэнах.
“Я з сакавіка нічога не бяру. Таму ў мяне звужаецца асартымент. Нічога няма. Дзе ўзяць грошы, каб закупіць тавар? Жаночыя пракладкі скончыліся, прылады для галення скончыліся. Коштаў няма, бо няма тавараў”.
Змяніліся цэннікі на шампунь, на крэмы для галення, працягвае прадпрымальнік.
“Вось просты прыклад, у мяне Vernell (апаласкальнік – заўв. Еўрарадыё) каштуе 11 400, гэта старая цана. Ужо сёння гіпермаркет, які атрымаў новыя кошты, мае цану на гэты апаласкальнік 15 800. Вось у мяне бальзамы засталіся па 17 500. У гіпермаркеце ўжо па 28 тысяч”.
Змяніліся цэны і на гародніну. Напрыклад, у сакавіку адна ківі каштавала 2 тысячы рублёў. Цяпер жа за яе просяць 2500. А кілаграм яблыкаў падаражэў амаль на 6 тысяч, калі параўноўваць з коштамі за мінулы месяц, якія публікаваў часопіс “Беларуская сельская гаспадарка”.
На думку міністра эканомікі, кошты на прадукты ў Беларусі, па-першае, носяць спекулятыўны характар, па-другое дэвальвацыйны характар і залежаць ад знешняга фактару. Маўляў, кошты растуць па ўсім свеце, таму растуць і ў Беларусі.
|
Кошты на прадукты ў сакавіку, якія апублікаваў часопіс “Беларуская сельская гаспадарка”. Кошты ў рублях за кілаграм. |
Кошты на прадукты, якія сёння можна пабачыць у крамах.(27 красавіка 2011) |
|
Свініна за кілаграм 12329 |
Не падаражэла |
|
Курыца - 9236 |
Курыца - 9900 |
|
Каўбаса вараная – 14 700 |
Не падаражэла |
| Каўбаса паўвэнджаная - 21756 | Каўбаса паўвэнджаная - 36810 |
|
Сыр - 20700 |
Сыр - 23120 |
|
Яйкі за дзясятак - 3666 |
Яйкі за дзясятак - 5390 |
|
Цукар - 3466 |
Не падаражэў |
|
Макароны - 3246 |
Макароны(за пачак) - 5300 |
|
Мука вышэйшага гатунку - 1950 |
Мука вышэйшага гатунку - 3000 |
|
Рыс - 4729 |
Рыс (за пачак 900 грамаў) - 6370 |
|
Крупа пшонная - 4171 |
Крупа пшонная 8250 |
|
Яблыкі - 4817 |
Яблыкі - 10290 |
|
Алей(за бутэльку ў літр) - 6607 |
Алей(за бутэльку ў літр) - 7340 |