За льготныя крэдыты вяскоўцы будуюцца... у гарадах
У адрозненне ад гараджан, сяляне могуць узяць крэдыт на рэканструкцыю жылля пад 3% гадавых.
А шматдзетныя сем’і і ўвогуле могуць будавацца з дапамогай 1% крэдыту. Першы выдаецца на 10 гадоў, другі — на 40.
Па мегальготны крэдыт найперш трэба звяртацца ў сельвыканкамы. Потым неабходна атрымаць згоду райвыканкама. І толькі пасля гэтага звяртацца ў банк. Жадаючых дастаткова, пацвярджае старшыня Начскага сельвыканкама Ларыса Мышкавец.
Ларыса Мышкавец: “Шмат людзей бярэ такі крэдыт — выгадна і плаціць невялікі адсотак, і мы плацім толькі праз год. Вось я, да прыкладу, таксама ў чэрвені аформіла, і толькі праз год мне будуць ісці адлічэнні і я пачну выплачваць гэты крэдыт”.
Бяруць крэдыты выключна трохпрацэнтныя — на рэканструкцыю. У вёсцы ніхто сёння сам будавацца не бачыць сэнсу. Бо навошта?
Ларыса Мышкавец: “На вёсцы ў нас не будуюцца. Я працую 9 гадоў старшынёй, і за гэтыя гады ніхто не будаваўся. У нас у СВК ёсць гатовыя дамы і даюцца яны бясплатна — хто працуе у СВК, у адукацыі. Забяспечанае жыллём усё насельніцтва”.
Паводле слоў старшыні сельвыканкама, у мінулым месяцы 47 (!) вяскоўцаў Ганцавіцкага раёна ўзялі крэдыт на рэканструкцыю жылля. У гэтым месяцы — не менш. Сума крэдыту — каля 30 мільёнаў рублёў. На гэтыя грошы Ларыса Мышкавец замяніла 7 вокнаў і ўваходныя дзверы. Засталося 15 мільёнаў, на якія плануе набыць плітку і падрамантаваць печ. Вось і ўся рэканструкцыя. Але, прызнаецца, на свой заробак яна б гэта рабіла 20 гадоў.
Ларыса Мышкавец: “Калі на мой заробак мяняць па адным акне — то кожны месяц і тое не атрымаецца. Гэта я буду 20 гадоў гэтую рэканструкцыю рабіць сама, за свае грошы. Лепш я вазьму гэты крэдыт”.
Ды і даюць нават гэтыя 30 мільёнаў ільготнага крэдыту не ўсім.
Ларыса Мышкавец: “Неабходна, каб быў працаздольны чалец сям’і — бо пенсіянерам не даецца. Каб не перавышаў прыбытак 2 мільёны 100 тысяч на кожнага чалавека сям’і. І дому каб было не менш за 10 гадоў”.
Насамрэч, і сярод вяскоўцаў ёсць шматдзетная сем’і. Яны нават будуюцца! І бяруць на будаўніцтва крэдыт пад 1%. Вось толькі будуюцца яны не ў родных вёсках, распавядае супрацоўніца Ганцавіцкага філіяла "Беларусбанка", а... у Ганцавічах!
"Беларусбанк": “Вось зараз у нас у горадзе будуецца жыллёва-будаўнічы кааператыў для шматдзетных сем'яў. І большая частка гэтага ЖБК — сельскія жыхары”.
З-за таго, што сельскія шматдзетныя сем’і могуць спакойна браць крэдыт пад 1% на будаўніцтва не толькі ў любой вёсцы свайго раёна, але і ў гарадах з насельніцтвам да 20 тысяч жыхароў.
Фота: ais.by