З-за канфлікту Росавіяцыі і "Белавіі" пацярпелі каля 360 пасажыраў
Своечасова вылецець у Маскву не змаглі нават дэпутаты.
Каля 360 пасажыраў у Мінску і Маскве не змаглі вылецець своечасова: расіяне перакрылі паветраную прастору. Тэлеграму з Росавіяцыі аб спыненні рэйсаў паміж дзвюма сталіцамі ў "Белавіі" атрымалі ў 6.21 раніцы 26 сакавіка — адразу пасля таго як у неба з мінскага аэрапорта падняўся самалёт расійскай кампаніі. Як патлумачыў намеснік генеральнага дырэктара кампаніі "Белавія" Ігар Чаргінец, расіяне закрылі паветраную прастору, бо беларускі бок не дазволіў суседзям павялічыць колькасць рэйсаў у Мінск. Наш Дэпартамент па авіяцыі, сцвярджае Чаргінец, кіраваўся падпісаным у 1997 годзе міжурадавым пагадненнем.
Ігар Чаргінец: “Пагадненне прадугледжвае роўныя магчымасці для абодвух бакоў — для расійскіх авіякампаній і для беларускіх. Калі адзін бок, незалежна, якая колькасць авіякампаній, выконвае пэўную колькасць рэйсаў, і другі бок не можа выконваць большую колькасць рэйсаў. Кампанія "Белавія" ў гэтым сезоне, які распачаўся ўчора, запланавала 4 штодзённыя рэйсы паміж Мінскам і Масквой. Расійскі бок захацеў выконваць 5 рэйсаў у дзень”.

Расіянам адмовілі. Перамовы на гэты конт цягнуліся некалькі тыдняў, пакуль 24 сакавіка беларусы не атрымалі ад расіян дазвол на 4 рэйсы ў дзень. Ім выдалі такі ж, плюс далі дазвол на пяты расійскі рэйс на некалькі дзён, на які людзі ўжо набылі квіткі. І дамовіліся, што перамовы працягнуцца. А 26 сакавіка атрымалі такі “братні” падарунак.
Дарэчы, сярод тых, хто мусіў пахвалявацца ў зале чакання аэрапорта, былі і беларускія дэпутаты — парламенцкая дэлегацыя на чале з намеснікам старшыні Палаты прадстаўнікоў Віктарам Гумінскім мусіла вылецець рэйсам а 7-й раніцы. Нягледзячы на страты "Белавіі", у выніку на борт самалёта трапілі ўсе.
Ігар Чаргінец: “Мы займаемся пасажырамі, забяспечваем іх пералёт у поўным аб’ёме, стыкоўкі. Шукаем, размаўляем з іншымі авіякампаніямі, каб людзі маглі даляцець. Ужо перасадзілі частку пасажыраў на іншыя рэйсы іншых авіякампаній і плаціць за гэта будуць не пасажыры, а "Белавія". Так, да мяне звярталася парламенцкая дэлегацыя, якая ляціць у Алма-Аты і не вылецела раніцай у Маскву — мы іх перасаджваем на больш позні рэйс з Масквы”.

Паводле слоў Чаргінца, рабіць у Маскву больш за 4 рэйсы ў дзень, для захавання "роўнасці", "Белавія" не хоча катэгарычна — гэта не выгадна.
Ігар Чаргінец: “Сярэдняя загрузка на рэйсах — як беларускіх, так і расійскіх авіякампаній — складае каля 55%. Гэта замалая лічба для эфектыўнай эксплуатацыі рэйсаў — зашмат самалётаў. І зараз гэтая лінія прыносіць страты авіякампаніі "Белавія" і ўсім расійскім перавозчыкам”.
Тым не менш, у "Белавіі" гэты накірунак лічаць вельмі перспектыўным і называюць жаданне расіян павялічыць колькасць відавочна стратных маскоўскіх рэйсаў спробай выціснуць беларускую кампанію з гэтай лініі.
Ігар Чаргінец: “Гэта — барацьба за рынак. Гэта — камерцыйныя адносіны паміж кампаніямі расійскага і беларускага боку. Гэта робіцца для таго, каб выбіць канкурэнта і атрымаць перавагу”.

Працяг перамоў паміж Росавіяцыяй і беларускім Дэпартаментам па авіяцыі адбудзецца 29 сакавіка. Беларусь будзе настойваць на ранейшай прапанове — па 4 рэйсы з абодвух бакоў у дзень.
Фота: Змітра Лукашука