"Ы.Ы.Ы." адродзіцца з вакалам Памідорава і Чарапко-Самахвалава (Фота Відэа)

111021 Malina 6ugalej.mp3

Карціны музыкі-авангардыста Васіля Шугалея, вядомага беларусам дзякуючы гурту "Ы.Ы.Ы." і супрацай з "Ляписом Трубецким", "Би-2", "Запрещенными барабанщиками", "Браво", выставяць у галерэі "Ў". Гэта будзе каля 30 прац, якія Васіль зрабіў цягам апошніх 12 гадоў жыцця.

"Калі шчыра, то мы яшчэ цалкам не вызначыліся з тым, што будзем выстаўляць, — распавядае пра будучую экспазіцыю сястра Васіля Вольга Шугалей. — Хутчэй за ўсё там будуць выстаўленыя партрэты, якія ён маляваў з 1991-га года і да канца. 2003 год, калі яго не стала, тры карціны былі намаляваныя ў апошнія часы. Яны чорна-белыя, як і заўсёды ён маляваў".

Уявіць сабе Васіля Шугалея без музыкі проста немагчыма. Менавіта таму вырашылі цалкам аднавіць гурт "Ы.Ы.Ы.", каб сыграць на адкрыцці выставы. Праўда, усіх музыкаў калектыву сабраць не ўдалося.

"Той склад, на жаль, сабраць не атрымаецца, бо некаторыя музыкі, такія як, напрыклад, я, ужо даўно не трымалі інструмент у руках і граць ужо не ўмеюць, — прызнаецца былы клавішнік "Ы.Ы.Ы.", а сёння дырэктар студыі "ОСМОС" Павел Юрцэвіч. — То бок застаўся гітарыст Артур Гапановіч і кларнетыст Улад Някрасаў, а таксама нашы бэк-вакалісткі ў поўным складзе. Ну, а астатніх паклікалі".

Сабе на дапамогу былыя музыкі "Ы.Ы.Ы." запрасілі басіста, гітарыста, клавішніка, духавую секцыю. Карацей, на пляцоўцы будзе знаходзіцца сама мала 12 чалавек! Але і Павел ад сцэны ўсё ж не адмовіўся: ён будзе граць на розных шумавых інструментах, такіх як бубен ці ксілафон. На ролю самога Васіля Шугалея запрасілі адразу двух вакалістаў: Аляксандра Памідорава ды франтмэна "Петли Пристрастия" і "Кассиопеи" Іллю Чарапко-Самахвалава, якія выканаюць асноўныя хіты з трох альбомаў "Ы.Ы.Ы.".

"Будзем спрабаваць, каб яны зрабілі гэта не так, як на трыб'юце (трыб'ют на "Ы.Ы.Ы." "Васька Жив", які выйшаў у мінулым годзе — заўв. Еўрарадыё) — прапусцілі творчасць праз сябе і заспявалі па-свойму. Будзем спрабаваць, каб яны глыбей увайшлі ў вобраз і ўсё ж нацягнулі на сябе той пінжачышка Ваські Шугалея", — тлумачыць Юрцэвіч.

Ці атрымаецца ажыццявіць такую задуму, прадказаць складана хоць бы таму, што адзін з вакалістаў адноўленага "Ы.Ы.Ы." Ілля Чарапко-Самахвалаў уласна не ведаў Васіля Шугалея, але на ўдзел у праекце пагадзіўся без роздуму.

"Я доўгі час нават не ведаў, як ён выглядаў, але яго ведала мая жонка, так што можна сказаць, што сувязь паміж намі ёсць. Ну, і я п'яны быў, калі мне прапанавалі, — жартуе Ілля. — Паша Юрцэвіч — мой добры прыяцель, я яго паважаю. А калі мы яшчэ і разам выпіваем, то маё сэрца для яго ўвогуле адкрытае. А адракацца ўжо не будзеш!"

Выстава адкрыецца ў пятніцу 4 лістапада і будзе працаваць да 27 лістапада ўключна.


Фота: GlucTim


У першай палове 1990-х Васіль Шугалей быў добра вядомы ў мінскай музычна-авангарднай тусоўцы. Ён стварыў уласны праект “Ы.Ы.Ы.”, кожны выступ якога суправаджаў правакацыямі і розыгрышамі. На канцэртах Вася чытаў хуліганскія вершы, сам ілюстраваў сваю паэзію і альбомы, ладзіў авангардныя выставы, чым заўсёды прыцягваў увагу публікі. Калі Шугалей пераехаў у Маскву, ён прадзюсаваў такія папулярныя зараз гурты, як "Ляпис Трубецкой", "Запрещенные барабаншики" і "Би-2", а таксама прасоўваў іншыя беларускія каманды на расійскі рынак. Ён напісаў шмат песень для расійскіх зорак, але самай папулярнай апынулася кампазіцыя “Ветер знает, где меня искать…” у выкананні гурта “Браво”. Пазней праект “Ы.Ы.Ы.” трансфармаваўся ў гурт "20000 зажЫгалок", якую ведалі аматары андэграўнду не толькі ў Маскве, але і па ўсім былым Саюзе. Музыкі запісалі першы альбом "С днем рождения меня" і планавалі другі. Але 7 сакавіка Вася Шугалей быў знойдзены мёртвым у сваёй маскоўскай кватэры, яго задушылі дротам ад камп’ютара. Музыка-авангардыст быў пахаваны на могілках у Калодзішчах.