Старшыня ЦВК параўнала місію АБСЕ з журы конкурсу прыгажосці

І менавіта на яе ЦВК спадзяецца, не спадзяючыся на адзнаку “выдатна”. Пра такія чаканні ад прысутнасці назіральнікаў місіі БДІПЧ АБСЕ на парламенцкіх выбарах распавяла старшыня Цэнтральнай камісіі Лідзія Ярмошына падчас прэс-канферэнцыі. Праўда, з адным удакладненнем.
120923_iarmoszynakonkurspragazosci.mp3
Лідзія Ярмошына: “Усё тое, што паддаецца ацэнцы, але не паддаецца вывераным дадзеным — гэта заўсёды вельмі суб’ектыўна. І гэта ацэнка, усё ж, заўсёды вызначаецца той задачай, якая пастаўленая перад камісіяй, перад журы, якое робіць ацэнку. Вас, напэўна, не раз пасля конкурсу прыгажосці ахоплівала пачуццё: “Чаму ёй далі першае месца?! Тая, што у 10, у сто разоў лепшая!”  Бо мы ацэньваем гэта суб’ектыўна. Гэтаксама ацэньваюцца і выбары. Я думаю, што мы працавалі добра і я спадзяюся, што нашы выбарчыя камісіі нас не падвядуць на апошнім этапе”.

Як камісіі мусяць не падвесці Цэнтрвыбаркам, Ярмошына не ўдакладніла. Але вядома, што падчас прэзідэнцкіх выбараў міжнародным і нацыянальным назіральнікам не далі магчымасці сачыць за падлікам галасоў. А гэта значна паўплывала на адмоўную ацэнку выбараў місіяй БДІПЧ АБСЕ.