Вязні Жодзінскага СІЗА заяўляюць пра катаванні

З іх словаў, невядомыя супрацоўнікі білі зняволеных, адмаўлялі ім у медычнай дапамозе. Калі ж прыйшоў час выпускаць “сутачнікаў”, дык іх вывозілі праз чорны ход. Машыны родных, якія прыехалі сустракаць арыштаваных, блакаваліся машынамі ДАІ і нават звычайнымі міліцыянтамі. Сяргей Крэйда апавядае, што іх вывезлі ў нейкае поле ды там выкінулі.

У камеры з  дзяўчынамі, дзе знаходзілася Алена Савіч, на 8 чалавек было толькі 5 ложкаў, таму ім даводзілася спаць падвое. Такая сітуацыя склалася і ў камеры, дзе сядзеў Сяргей Каласоўскі: на 18-20 чалавек было толькі 8 ложкаў. У ізалятары людзей не выводзілі на прагулкі, не было магчымасці памыцца ў душы, пераказвае ўражанні вязняў праваабарончы цэнтр “Вясна”.

У камерах прыбіральні не былі належным чынам агароджаныя. Ахоўнікі, якія назіралі за арыштаванымі ў вочка дзвярэй камеры, маглі бачыць, як хтосьці спраўляе свае натуральныя патрэбы. Прычым ахоўнікі мужчыны маглі без перашкодаў назіраць за дзяўчынамі ў прыбіральні.