Арганізатары Ўсебеларускага Народнага Сходу шукаюць ініцыятыўных людзей
Пра гэта Еўрарадыё паведаміў прадстаўнік ініцыятыўнай групы Віктар Івашкевіч. Сход мае на мэце мабілізаваць людзей на акцыі пратэсту супраць палітыкі ўладаў.
Еўрарадыё: Падрыхтаваць Усебеларускі народны сход - гэта праца не аднаго дня. Наколькі гэта магчыма - зрабіць плаваючую дату і не заваліць арганізацыю?
Івашкевіч: “Аргкамітэт створаны. Цяпер ствараюцца аргкамітэты па гарадах. На працягу месяца такія аргкамітэты будуць створаныя ў большасці гарадоў і пачнецца інфармацыйная кампанія. Мы арыентуемся на 8 кастрычніка. Бо мяркуем, што на гэты час, на пачатак кастрычніка, не толькі перадавыя атрады грамадства, якія ўжо цяпер гатовыя да нейкіх акцыяў пратэсту, але і масы людзей адчуюць на сабе ўсе “даброты” антыкрызіснай праграмы Ураду і будуць гатовыя публічна пратэставаць”.
Еўрарадыё: Толькі вы надрукавалі ўлеткі, паспрабавалі іх вывесці ў рэгіёны і тут жа спадара Пахабава з імі затрымалі. Думаеце, вам дадуць магчымасць разгарнуць кампанію аргкамітэта і нармальна працаваць?
Івашкевіч: “Тое, што будуць перашкаджаць, гэта натуральна. Дэмакратычным актывістам трэба вырашаць, ці сядзець і чакаць, што нехта за іх гэта зробіць або вырашаць нешта. Усё вырашаецца, галоўнае, каб пачаць гэта вырашаць. Цяпер галоўная задача — знайсці тых ініцыятыўных людзей, якія не пабаяцца заняцца гэтай справай”.
Еўрарадыё: Якія грамадскія арганізацыя, палітычныя і г.д. падтрымалі вас?
Івашкевіч: “На сёння афіцыйна накіравалі сваіх прадстаўнікоў аргкамітэт беларускага “Руху”, грамадзянская кампанія “Еўрапейская Беларусь”, АГП, Сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Прафсаюз радыёэлекторннай прамысловасці, аргкамітэт партыі “Праца”. Партыя левых “Справядлівы свет”. Акрамя таго, у ініцыятыўных групах на месцы ўдзельнічаюць шэраговыя актывісты іншых партый, тых, кіраўніцтва якіх пакуль не далучыліся”.