Удзельнікі "Стоп Бензін" задаволеныя акцыяй і настроеныя рашуча
У эфіры Еўрарадыё выступілі каардынатар акцыі Арцём Шаркоў, яе ўдзельніца Алеся Макась, правабаронца Наста Лойка, якая адсочвае магчымыя рэпрэсіі з боку ўладаў.
Акцыя прадэманстравала стомленасць грамадства, жаданне зменаў і зніжэнне ўзроўню страху. Дзейнічае і салідарнасць людзей. Жывыя ўключэнні слухайце на прайгравальніку справа.
Гутарка з Арцёмам Шарковым
Еўрарадыё: Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся знізіць з заўтрашняй раніцы кошты на паліва. Пра гэта ён заявіў сёння на нарадзе па актуальных пытаннях эканомікі. З чацвярга кошт бензіну не будзе перавышаць 4 500 рублёў. Канцэрн "Белнафтахім" ужо адрапартаваў, што гатовы знізіць кошты на паліва. Ці не вынік гэта акцыі “Стоп-бензін”?
Шаркоў: “Гэта азначае, што яму ўжо далажылі інфармацыю пра тое, што выйшлі аўтааматары, выйшлі людзі”.
Еўрарадыё: Гэта не ініцыятыва не проста клопат пра грамадзянаў, а менавіта вынік акцый “Стоп-бензін”, якія праходзілі не першы раз у Беларусі?
Шаркоў: “Проста клопату у нашай каріне грамадзянаў, яго як з'явы не было ўвогуле. І за апошнім часам ён не ўзнік. Таму казаць, што думаюць аб простых грамадзянах, без нейкай ініцыятывы знізу, без простага чалавека, немагчыма. У дадзеным выпадку нас пачулі, нас заўважылі і таму такая заява прагучала”.
Еўрарадыё: А вам не падаецца дзіўным, што спачатку грамадзянаў, якія ўдзельнічалі ў акцыі, аштафавалі, а пасля панізілі кошты?
Шаркоў: “Акцыя сама па сабе носіць выключна сацыяльны характар. Думаю, супрацоўнікі спецслужб затрымлівалі тых, хто выказваў нейкія палітычныя лозунгі. Затрымалі толькі 4 чалавек за 2 гадзіны акцыі, гэта, мне падаецца, добры вынік, пры тым, што і я і іншыя актывісты на волі”.
Еўрарадыё: Сёння кіраўніца прэс-службы ДАІ Мінгарвыканкама заявіла, што ўсю акцыю супрацоўнікі ДАІ здымалі на відэа і ўсе будуць знойдзеныя, будзе праведзена праверка, і ўсе будуць пакараныя, прычым адзначана, адміністрацыйным або крымінальным артыкулам. Як вы да такога ставіцеся?
Шаркоў: “Крымінальнага пакарання за парушэнне няма. Ніхто не пацярпеў, не было ніякіх аварыяў, таму тут можа быць толькі адміністацыйнае пакаранне. І гэтая заява - не больш, чым нейкая пагроза”.
Еўрарадыё: А ці такія “запалохванні” могуць раззлаваць людзей?
Шаркоў: “Канешне. Больш за тое, зараз ужо людзі пачалі праяўляць салідарнасць, збіраць грошы на штрафы для тых, каго затрымалі падчас акцыі. Я думаю, што ўжо заўтра мы збярэм усю патрэбную суму і аплоцім. І калі людзі пабачаць гэтую салідарнасць, што ёсць падтрымка, ёсць разуменне сярод аднадумцаў, то такога тыпу запужванне і выказванні не прывядуць нікуды”.
Еўрарадыё: 4 500 – гэта нармальная цана за 95 паліва. Гэта спыніць акцыі?
Шаркоў: “Гэта спыніць у людзей імпэт на некаторы час, але не спыніць жаданне разабрацца ў паліўнай праблематыцы. Мы не маем і сёння адказу на наш ліст, які мы падавалі яшчэ ў красавіку, не маем калькуляцыі фармавання коштаў. Таму пытанне застаецца адкрытым”.
Гутарка з Алесяй Макась, якая ўпершыню сядзела на Акрэсціна - разам з францужанкай
Еўрарадыё: Ці вы лічыце прысуд, штраф, які вы атрымалі, справядлівым?
Макась: “Гэта несправядліва. У нас у краіне ўвогуле нічога справядлівага няма. Мы былі гледачамі і забіраць нас не было за што. Я была ў майцы, я была з бел-чырвона-белай стужкай на руцэ, я трымала плакат у руках супраць павышэнне коштаў на бензін. І мяне проста забралі і са мной яшчэ 4 асобы ”.
Еўрарадыё: Вы, можа, крычалі "апазіцыйныя лозунгі" – “Сыходзь!”, “Жыве Беларусь!”?
Макась: “Не, мы ўвогуле такіх лозунгаў не крычалі. Мы проста стаялі, крычалі “малайцы”, пляскалі – і усё”.
Еўрарадыё: У зняволенні на Акрэсціна вы былі ўпершыню?
Макась: “Гэта было ўпершыню і спадзяюся, што больш такога не паўторыцца. Гэта было жудасна. У камеры мы былі ўсю ноч, там было вельмі-вельмі халодна, мы вельмі змерзлі. Бетонныя сценкі, драўляны вялікі ложак, на якім проста немагчыма было ляжаць, цёмна. Было вельмі кепска”.
Еўрарадыё: Вы былі з сукамернікамі?
Макась: “Са мной была дзяўчына, яна прыехала з Францыі, у яе няма дакументаў, іх скралі і яна там ужо фактычна жыве зараз”.
Еўрарадыё: Лукашэнка распарадзіўся знізіць з заўтрашняй раніцы кошты на паліва. Аб гэтым ён заявіў сёння на нарадзе па актуальных пытаннях эканомікі. З чацвярга кошт бензіну не будзе перавышаць 4 500 рублёў. Канцэрн "Белнафтахім" ужо адрапартаваў, што гатовы знізіць кошты на паліва. Ці вы адчуваеце, што гэта звязана з акцыяй «Стоп-бензін»?
Макась: “Ваў! Я толькі прыехала дамоў, зараз сяджу на лаўцы. Гэта самая файная навіна!”.
Еўрарадыё: Ці будзеце вы удзельнічаць у акцыях у абарону сваіх правоў, нягледзячы на штраф?
Макась: “Так”.
Еўрарадыё: Вы ведаеце, што на ваш штраф ужо збіраюцца грошы?
Макась: “Так, нам ужо тэлефанавала шмат-шмат людзей”.
Гутарка з Настаю Лойкай
Еўрарадыё: Як Вы як праваабаронца ацэньваеце прысуды?
Лойка: “Я сама прысутнічала ў цэнтры Мінска, калі там адбывалася акцыя. Безумоўна, было дзіўна назіраць за рэакцыяй праваахоўных органаў. Пазней прыйшла інфармацыя пра тое, што некалькі ўдзельнікаў акцыі былі затрыманыя. Яны стаялі на ходніках і проста выказвалі сваю грамадзянскую пазіцыю. А тое, што ўдзельнікаў акцыі штрафавалі, не выклікае здзіўлення, паколькі, улічваючы эканамічныя праблемы ў Беларусі, можна толькі і чакаць павелічэння эканамічных санкцый да грамадзянаў. Мы лічым абсалютна беспадстаўным прыцягненне людзей да фінансавай адказнасці. Трэба паспрабаваць абскардзіць гэтыя рашэнні ”.
Еўрарадыё: Апошнім часам беларусы салідарызуюцца з арыштаванымі суграмаддзянамі і збіраюць грошы на штрафы. А як быць тым, хто ня ведае, куды перавесці грошы?
Лойка: “Заплаціць штраф, перавесці грошы на рахунак суда можа абсалютна любы чалавек. Вельмі добра, што апошнім часам людзі выказваюць салідарнасць з арыштаванымі, гэта сведчыць пра тое, што на Беларусі фармуецца моцная грамадская супольнасць”.
Еўрарадыё: Кіраўнік прэс-службы ДАІ Мінгарвыканкама Жана Трайно паабяцала з дапамогай відэазапісаў знайсці і пакараць усіх удзельнікаў акцыі “Стоп бензін”і прыцягнуць іх да адказнасці. Як у гэтай сітуацыі будуць дзейнічаць праваабаронцы?
Лойка: “Безумоўна, мы будзем сачыць за сітуацыяй і актыўна адсочваць тое, што будзе адбывацца надалей. Калі людзей будуць прыцягваць да крымінальнай адказнасці, мы будзем іх максімальна падтрымліваць”.