Удзельнікаў "маўклівай акцыі" у Магілёве будуць судзіць
У Ленінскі раённы суд даставяць траіх удзельнікаў. Усе яны дагэтуль затрыманыя і знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання.
Гэта Андрэй Шалабудаў і карэспандэнты магілёўскіх сайтаў Аліна Скрыбунова і Ганна Ільіна. Усе астатнія ўдзельнікі акцыі былі вызваленыя. Апошнім міліцыянты выпусцілі на волю праваабаронцу Барыса Бухеля — у чатыры гадзіны раніцы. Ён кажа, што ўсе затрыманыя атрымалі копіі пратаколаў за ўдзел у масавых мерапрыемстваў і іх будуць судзіць у бліжэйшы час.
Сярод затрыманых былі таксама журналіст Алесь Асіпцоў і кіраўнік мясцовай філіі ТБМ Алег Дзьячкоў. Агулам жа пад “хапун” у Магілёве патрапіла не менш за 12 чалавек.
Нагадаем, што “маўклівая акцыя” у Магілёве на 3 ліпеня сабрала рэкордную колькасць удзельнікаў з 1996 года. Па цэнтральнай вуліцы горада, пляскаючы ў ладкі, прайшло не менш за 1000 чалавек.