У Варшаве прайшла акцыя ў падтрымку беларускіх палітвязняў (фота)
Яе зладзілі каля галоўнага ўваходу ў гатэль, дзе праходзіць саміт АБСЕ.
У акцыі пад назвай "Стоп тэрору ў Беларусі!" удзельнічаюць каля 10-15 чалавек. Яны трымаюць у руках партрэты палітвязняў — Андрэя Саннікава, Змітра Дашкевіча, Мікалая Статкевіча, Змітра Бандарэнкі, Алеся Бяляцкага.
Перадае Зміцер Лукашук: 110829 LukashukS.mp3
Удзельнікі пікету апелююць да ўрадаў заходніх краінаў, каб яны зрабілі заявы ў справе лідара "Маладога фронту" Змітра Дашкевіча. Гэта тлумачыцца тым, што ёсць вялікая боязь за яго жыццё.
Адзін з арганізатараў акцыі Алесь Зарэмбюк у жывым эфіры Еўрарадыё паведаміў, што ўвага да пікетоўцаў вельмі вялікая. Да таго ж, вельмі ўдала падабраны час для акцыі — якраз пачаліся чарговыя слуханні, датычныя Беларусі.
Зарэмбюк: "Яшчэ ў аўторак позна вечарам мы атрымалі інфармацыю абсалютна з розных крыніцаў з Беларусі, што сітуацыя са Змітром Дашкевічам вельмі крытычная, што на яго аказваецца вельмі моцны ціск. Таксама гэта было відаць з ліста, які прайшоў турэмную цэнзуру, але ж у якім Зміцер напісаў, каб яго пасадзілі ў адзіночную камеру. Гэта кажа пра тое, што Зміцер зараз трапіў у такія ўмовы, якія проста невыносныя нават для такога моцнага чалавека, як ён. Гэтыя ўсе словы, гэтая ўся інфармацыя ўчора была пацверджана адвакаткай Андрэя Саннікава, якая перадала інфармацыю для грамадскасці.
Зараз мы апелюем да міжнароднай супольнасці, мы апелюем да ўрадаў дэмакратычных краін, каб яны зрабілі заявы, каб міністэрствы замежных спраў зрабілі заявы па Змітру Дашкевічу і каб гэта прагучала на ўвесь свет, бо мы баімся, што Змітра сапраўды могуць знішчыць. Таксама мы не маем інфармацыі ўжо чатыры тыдні ад Статкевіча, а ён меў праблему з рукой. І гэта ўсё сведчыць, як і інфармацыя ад Дзмітрыя Уса, пра тое, што ён у цяжкім стане і што ён сапраўды можа не выжыць. Уся гэтая інфармацыя пацвяржае, што гэтых усіх людзей, якіх мусяць выпусціць згодна з дамовай Лукашэнкі і міністра замежных спраў Балгарыі, зараз вельмі моцна цкуюць і проста робяць усё магчымае, каб гэтыя людзі выйшлі з турмы зламанымі, каб яны не выйшлі героямі.
Мы хочам, каб ва ўсім дэмакратычным свеце прагучалі заявы ў падрымку Дашкевіча, у падтрымку іншых палітычных вязняў. Заяву накшталт той, якую ўчора зрабіў міністр еўрапейскіх справаў Вялікабрытаніі, бо яны выказаліся і гэта вельмі важна. І вельмі важна, каб і іншыя ўрады звярнулі на гэта ўвагу. Таму мы пікетуем будынак гатэля Sofitel, дзе адбываецца міжнародная канферэнцыя па чалавечым вымярэнні”.
Фота Ігара Аскіркі і Алеся Яшчанкі